Другі дзень Агульнабеларускай навэнны ў Будславе правялі браты капуцыны.

У суботу 8 лістапада ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе прайшоў чарговы, ужо другі, дзень Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!», якая праводзіцца з нагоды падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Браты Ордэна Капуцынаў з розных капуцынскіх парафій Беларусі і сёстры Кангрэгацыі Адараторак Крыві Хрыста, якім было даручана правядзенне гэтага дня навэнны, сабраліся ў святыні разам са сваімі парафіянамі. Да супольнай малітвы таксама далучыўся Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт а. Сяргей Гаек.

Набажэнства распачалося выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнта і ружанцовай малітвай. Потым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Кусташ Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі брат Алег Шэнда OFM Cap.

Брат Андрэй Багдановіч OFM Cap, які служыць у парафіі св. Францішка ў в. Копішча (Новая Баравая, г. Мінск) прамовіў гамілію, у якой заахвоціў паразважаць над сэнсам крыві. Ён нагадаў, што "з даўніх часоў, яшчэ да хрысціянства, кроў не была для людзей выключна біялагічнай вадкасцю, але сімвалам жыцця душы. Як прыклад, можна ўспомніць "Адысею" Гамера, дзе цені ажывалі, пакаштаваўшы крыві". У Старым Запавеце кроў забітага Авеля, нібы асобная жывая істота, усклікала да Бога, просячы аб справядлівасці. Людзі мелі перакананне, што кроў належыць Богу. У старажытных народаў, як і ў габрэяў, кроў выступала ў ролі пячаткі для замацоўвання дагавору (запавету). Гэта правобраз крыві Хрыста – крыві Новага Запавету. Сам Бог пажадаў прыняць цела чалавека, а значыць і яго кроў, каб адкрыць нам праўду аб тым, кім Ён ёсць, і аддаць сваю кроў для нашага збаўлення.

Бр. Андрэй заўважыў, што ўсё жыццё чалавека можна параўнаць з праліццём крыві, якую мы губляем дзень за днём, хвіліну за хвілінай. Кожнае імгненне, як кропля крыві. Словы Хрыста: "Вось я аддаю Сваё жыццё, ніхто ў мяне яго не забірае" (Ян 10, 18) - фактычна азначаюць, што Ён аддае Сваю кроў, якая праліваецца за нас. Кроў, якая праліваецца на камень Галгофы, набывае збаўчае значэнне. Існуе старажытная легенда, што галгофа была месцам пахавання Адама: на выявах укрыжавання часам можна ўбачыць намаляваны пад крыжам яго чэрап. Кроў найдасканалейшага паслумянага Езуса Хрыста абмывае і дае адкупленне таму, каго непаслухмянасць і грэх знявечылі і аддзялілі ад Бога.

"Калі мы, хрысціяне, носім імя Хрыста, то па сутнасці ці нашая кроў не з’яўляецца крывёй Хрыста? А нашае жыццё ці не павінна з’яўляцца жыццём самога Езуса Хрыста? - задаў пытанне бр. Андрэй. - Апостал Павел казаў: “Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос” (Гал 2, 20). А як з маёй крывёй і маім жыццём?"

Брат нагадаў , што ў розныя часы пераследу кроў хрысціянаў-мучанікаў станавілася насеннем для іншых хрысціянаў: "Адданне свайго жыцця, праліццё крыві на першы погляд здаецца бессэнсоўным – бо маглі б жаніцца, нараджаць дзяцей, радавацца і весяліцца. Але яно дае пачатак упартым і моцным расткам веры". Кроў Стэфана стала збаўленнем Саула–Паўла, апостала язычнікаў; кроў хрысціянаў, забітых у Калізеі, дала жыццё хрысціянскаму Рыму, і гэтак можна працягваць да нашых дзён.
“Дарагія хрысціяне, якія тут сабраліся, ці наша кроў ёсць крывёю Хрыста? Ці нашае жыццё нясе збаўчы змест гэтаму свету? Або гэта тое, што выцякае без сэнсу, а мы толькі заціскаем рану і стараемся спыніць кроў, каб яна не выцякала, бо баімся смерці?" - задаў чарговае складанае пытанне бр. Андрэй і нагадаў пра раннехрысціянскі вобраз - пелікана, які сам раздзірае сабе грудзі, каб, не гледзячы на сябе, накарміць сваёй крывёй сваю будучыню - птушанят.

Мы таксама пакліканы аддаваць жыццё за сваіх братоў, за сваіх блізкіх, за тых, хто побач з намі. У дзень навэнны ў лістападзе мы молімся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў, за памерлых удзельнікаў рэлігійных рухаў, а таксама за тых, хто загінуў ад пераследу за веру, і за душы, церпячыя ў чыстцы. "Ці ж усе гэтыя людзі не аддавалі па кропле сваё жыццё, каб даць насенне веры хрысціянам нашых дзён, нам з вамі? - звярнуў увагу брат. - Тут, у Будславе, як мала дзе на нашай зямлі, можна адчуць пульсацыю гэтай крыві, якая далей магутным сэрцам Езуса Хрыста разганяецца па артэрыях Касцёла – містычнага цела Хрыста. Гэтая кроў далей жывая. Ці ўпішам мы свае імёны ў шэраг гэтых хрысціян? Ці мы тыя, хто - можа не фізічна, але праз сваю жыццёвую пазіцыю, праз імкненне споўніць Божую волю - аддае сваю кроў? Ці з'яўляемся мы - будучы хрысціянамі - ахвярай Хрыста, жыццём Хрыста ў сённяшнім свеце, у Беларусі?"

Ад напружаных разважанняў і малітвы разыграўся апетыт. Таму ўсіх ўдзельнікаў набажэнства на вуліцы чакала палявая кухня, якая мае вялікі вопыт пешых пілігрымак ў Будслаў. Брат Войцех Врублеўскі частаваў усіх жадаючых журэкам - супам на заквасцы, якую ён гадаваў некалькі дзён. Таксама нашымі парафіянамі быў згатаваны смачны плоў. А с. Маргарыта з Докшыц прывезла смачны смалец. І размовы. Радасна было вітаць братоў, якія калісьці служылі ў нашай парафіі. Цудоўна, калі і ў Будславе адчуваеш сябе як дома, сярод тых, каго любіш.


Пасля абеду ў базіліцы адбыўся канцэрт, падчас якога выступілі хоры капуцынскіх парафій, і нашай таксама.

Хор парафіі св. Францішка выканаў "Рэквіем" Юзэфа Казлоўскага, які быў напісаны на смерць апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

На заканчэнне малітоўнай сустрэчы прысутныя памаліліся вяночкам да Крыві Хрыста, якую правялі сёстры адараторкі.
Дзякуем усім арганізатарам набажэнства. Няхай малітва і пасеянае слова прынясе шчодры плён.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок, бр. Андрэй Жылевіч OFM Cap
Відэа: Алена Францкевіч і Анастасія Толкач, мантаж - Вераніка Раманенкава