Skip to main content

Беднасць у жыцці святога Францішка. Беднасць у нашым жыцці.

| Падзеі »
2025 10 10 12VyhFr22

Ужо амаль месяц прайшоў пасля Выходных з Францішкам, а тэма, якая была там узнята, дагэтуль не адпускае. І не толькі ва ўласных думках, але і ў жыцці ўдзельнікаў, а таксама суправаджае ў літургіі слова. Вось і на гэтым тыдні над ёй застанаўліваліся.  Гэта паказвае, наколькі актуальныя тыя тэмы, якія перажываем падчас Выходных, для кожнага з нас асабіста і для ўсёй супольнасці Касцёла. Таму вырашыла падзяліцца тым, што адкрыла для сябе на рэкалекцыях. Спадзяюся, хтосьці адчуе ў сабе жаданне прыехаць на наступныя  рэкалекцыі у снежні.

2025 10 10 12VyhFr06

Выходныя - гэта не проста weekend, адпачынак ад звычайнай штодзённасці. Гэта час яднання сімпатыкаў святога Францішка - людзей, якія знаходзяць у ім таго, хто ўмеў наследаваць Хрыста, зараджаць мудрасцю бедняка, хто дагэтуль з'яўляецца арыенцірам для кожнага веруючага і няверуючага, для таго, хто шукае сэнс. Такія спатканні - дзейсны спосаб шукання Бога ў цяперашнім часе. Гэта два дні жыцця, калі цішыня становіцца інструментам для адкрыцця праўды пра сябе. Толькі варта памятаць, што ўстойлівыя, грунтоўныя адносіны будуюцца тады, калі чалавек гэтую праўду пра сябе прымае і даручае Богу.

Тэматыка выходных гэтага года звязана з Евангельскімі радамі. Што такое Евангельскія рады? Адкуль яны ўзяліся? З уважлівага ўзірання ў жыццё Хрыста. Хоць мы абапіраем нашу веру на Біблію, але хрысціянства не належыць да рэлігіі кніг. У адказ на чалавечы грэх Бог паслаў у свет Сваё Слова і гэта Слова стала целам, асобай. Для хрысціянаў кнігай становіцца асоба Езуса Хрыста. Углядаючыся ў Хрыста можна вылучыць тры яскравыя рысы, пра якія Ен прапаведаваў, якімі жыў - убоства, чысціня і паслухмянасць. Гэта тое слова, якое Ен нам аб'явіў. Хрыстос кажа: "... Я - дарога, праўда і жыццё..." (Ян 14, 6)

2025 10 10 12VyhFr09

У манаскіх ордэнаў Евангельскія рады ўвабраліся ў форму шлюбаў (складання абетаў), але яны не перастаюць быць прапановай для кожнага.

"Наследаванне Хрыста заўсёды ўключае ў сябе мужнасць плысці супраць цячэння" (Бэнэдыкт XVI)

Тэмай Выходных, якія адбыліся 10-12 кастрычніка ў Навагрудку, была "Беднасць у жыцці святога Францішка. Беднасць у нашым жыцці".

Чаму менавіта гэта тэма? Як беднасць датычыць сучаснага чалавека? Мы жывем у свеце, які мае хваробу спажывальніцтва, дзе чалавек хоча мець як мага больш, мець як найхутчэй, дзе чалавек мае патрэбу ўсё кантраляваць (у сабе, у адносінах), хоча ўсё забяспечыць. І, здаецца, жывём у камфорце, у дастатку, але ў сэрцы ўсё роўна ёсць пэўная прастора, ёсць пэўны голад, які можам доўгі час у сабе не чуць, але ў пэўны момант ён становіцца заўважальным, адчувальным, часам балючым. І тут варта спыніцца, прыгледзецца да свайго жыцця, заўважыць сваю беднасць, як яна праяўляецца ў штодзённасці, чым я яе прыкрываю, навошта гэта раблю. Каб убачыць сваю нястачу, варта задаць сабе пытанні: "што забірае мае радасць, супакой?", "што мяне спыняе?", а пасля - "што раблю са сваёй беднасцю?".

Чаму гэта нястача пужае? Бо чалавек глядзіць на яе без Бога.

Хрыстос кажа: "Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. Шчаслівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. Шчаслівыя тыя, што прагнуць і смагнуць, бо яны будуць насычаныя. Шчаслівыя міласцівыя, бо яны будуць памілаваныя. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя. Шчаслівыя тыя, каго пераследуюць за праведнасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зневажаць вас, і пераследаваць, і казаць усялякае злое слова хлусліва. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе; бо так пераследавалі прарокаў, якія былі раней за вас" (Мц. 5, 3-12)

У Хрыста не бывае выпадковай паслядоўнасці слоў. З усіх благаслаўленняў, апісанняў шчасця Ён ставіць убоства на першае месца. Валадарства Нябеснае пачынаецца не пасля смерці, але з моманту, калі чалавек прымае Хрыста. Быць убогім паводле Духа азначае, што я стаўлю на першае месца не сваё "Я", а Бога і Яго волю.

Святы Францішак выбірае беднасць не таму, што зненавідзеў свет, багацце, альбо не дзеля таго, каб праз аскетычны стыль жыцця стаць больш духоўным. Ён стаў бедным таму, што захацеў пазнаць Хрыста. Ёсць розніца паміж беднасцю і ўбоствам. Беднасць мы не выбіраем, чалавек нараджаецца ў беднасці, альбо яна звальваецца на яго праз выклікі часу. А ўбоства - гэта свядомы выбар. Святы Францішак зрабіў свой выбар, а праз яго адкрыў вялікую свабоду, апеку Айца, бо толькі праз давер можна адкрыць, кім ёсць Бог. Ен рызыкнуў быць бедным, але насамрэч поўнасцю адкрыўся на ласку Бога і таму змог сказаць: "Бог мой - і ўсё маё".

Для Францішка ўбоства нараджае супольнасць, яно дазваляе ўбачыць другога чалавека - брата, яго патрэбы. Святы кажа, каб браты адкрывалі адзін перад адным свае патрэбы, бо гэта лечыць самога чалавека, "выкарчоўвае" страх. У гэтым ёсць аздараўленне сэрца.

 2025 10 10 12VyhFr18
 2025 10 10 12VyhFr14

Ужо другі год трываюць Выходныя, і апошняя сустрэча паказала, што ўдзельнікі Выходных, незалежна ад узросту (дарэчы, старэйшаму было 88 гадоў, а малодшаму - 19), адчуваюць тут сябе ў супольнасці. Многія прыязджаюць ужо не першы раз. За магчымасць пазнаваць сябе, бліжняга і Бога ў такім фармаце сустрэч, за цікавыя экскурсіі,  за прыгожыя і кранальныя спевы, за адкрытасць, шчырасць і цеплыню - шчырая падзяка братам капуцынам, аніматарам і ўсім удзельнікам. Няхай Пан Бог праз заступніцтва св. Францішка дапамагае нам усім адкрываць уласную беднасць і праз давер Яму напаўняцца Яго ласкай.

 2025 10 10 12VyhFr15

Тэкст: Марыя Туровіч

Фота: удзельнікі Выходных