Skip to main content

Урачыстасць усіх святых

| Падзеі »

«Я любовь эту буду теплить и вынашивать так, чтоб она разрослась во мне деревом
Чтобы кончики пальцев стали ею окрашены, и чтобы её во мне немерено…»
Песня «Немерено», Арцём Якімаў ("lampabikt")

 01 11 2025 sviatyh124

У першы дзень лістапада, месяца малітвы за памерлых, Касцёл аддае пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — тым, якія ў сваім жыцці змаглі навучыцца любіць Бога і бліжніх, дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам. Касцёл вучыць, што кожны з нас пакліканы стаць насельнікам Неба.

Перад вячэрняй святой Імшой тэатральная група нашай парафіі пад кіраўніцтвам с. Кацярыны Грынчык прадставіла прысутным спектакль “Свечка” па апавяданні "Лямпачка" Віталія Каплана.

 01 11 2025 sviatyh108

Пранікнёная гульня акцёраў, музычныя кампазіцыі, танцавальныя пастаноўкі дапамаглі гледачам пражыць кавалачак жыцця герояў, настолькі падобнага на ўласнае, што пачуцці напаўнялі вочы слязамі.

Згодна з сюжэтнай лініяй, у дзяўчыны Тамары памірае тата - вядомы хірург і добры чалавек, які быў, аднак, не ахрышчаны. Пачуўшы на памінках, што яе любы тата не можа трапіць у Рай, бо пры жыцці свядома не прымаў Хрыста, Тамара перажывае крызіс веры, расчараванне ў Богу: “Дзе Твая міласэрнасць?” У роспачы яна гасіць свечку – сімвал сваёй малітвы, сваёй веры і надзеі. Але аднойчы пасля таго, як Тамара міласэрна змагалася за здароўе хлопчыка, якога выпадкова сустрэла, Пан Бог учыняе для яе цуд – ратуе з рук бандытаў, а потым містычным чынам дазваляе ёй паразмаўляць з татам. Аказалася, што тату “лечаць”, і тое, што ім абодвум патрэбна, – гэта запаленая свечка. Міласэрная любоў, вера і малітва – тое, што ратуе ад смерці, дае надзею на новую сустрэчу.

 01 11 2025 sviatyh110
 01 11 2025 sviatyh118

С. Кацярына ў сваёй прадмове да спектакля заахвоціла памятаць у паўсядзённасці пра такую праўду веры, як еднасць святых: нас, якія жывем на зямлі, і тых, хто адыйшоў у вечнасць, звязвае памяць і малітва. Душы памерлых, асабліва тых, каго яднала з намі любоў, вельмі рады нам дапамагаць сваёй малітвай і чакаюць нашай: “Не забывайце мець з імі адносіны”.

 01 11 2025 sviatyh103

Сястра папярэдзіла, што некаторыя сцэны спектакля, напрыклад, памінкі, могуць выклікаць у гледачоў пачуццё неадпаведнасці месца і нялоўкасці. Нас можа спакушаць думка аб тым, каб адсунуць Бога ад нашай штодзённасці, пакінуць Яго ў касцёле, бо нашае жыццё не святое, і самі мы нявартыя. Трэба ўважліва прыгледзецца да сябе: магчыма, сваім стаўленнем мы не дазваляем Яму сядаць з намі за стол, суправаджаць нас на нашых шляхах, дапамагаць у складаныя моманты.

 

 

  Спектакль "Свечка" (з хвіліны 16:26), кіраўнік с. Кацярына Грынчык, пастаноўка танца Таццяна Дасюкевіч

 

Падчас гаміліі бр. Уладзіслаў працягнуў тэму еднасці святых. Ён нагадаў, што Касцёл складаецца з трох частак: найперш, Касцёл пілігрымуючы, або ваюючы з грахом – гэта ўсе мы, потым Касцёл церпячы – душы ў Чыстцы, і Касцёл трыумфуючы – святыя ў Небе. Усе тры часткі паміж сабой маюць сувязі, злучаны адносінамі. Як Бог, адзіны ў Тройцы, ёсць жывая і дынамічная сувязь, так і мы па-сапраўднаму жывём, калі будуем сувязі, дорым любоў, выходзім па-за межы свайго “я” да іншага чалавека.

 01 11 2025 sviatyh11
 01 11 2025 sviatyh13

Калі размова ідзе пра сувязь з тымі, хто адыйшоў з гэтага свету, то найглыбей яе можна перажыць у касцёле падчас святой Імшы, бо па сведчанню многіх містыкаў падчас літургіі Нябёсы адкрываюцца - і разам з жывымі Бога праслаўляюць усе святыя і памерлыя. Здараецца, што па прычыне абмежаванасці часу мы стаім перад выбарам: наведаць Імшу або паехаць на месца пахавання. І хоць, безумоўна, важна наведваць могілкі, але ў гэтай сітуацыі варта задумацца, ці мы хочам сапраўды сустрэць душу нашага памерлага, ці проста пабыць там, дзе засталося яго цела.

 01 11 2025 sviatyh26

Другое, на што звярнуў увагу пробашч, - гэта запрашэнне кожнага з нас у шэраг святых.

“…я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Ягнём, апранутыя ў белае адзенне і з пальмовымі галінкамі ў руках сваіх” (Ап 7, 9)

Ці адчуваю я, што маё месца сярод іх, якія ў белых шатах? Жыве ў чалавеку такое ўяўленне, што святасць – гэта штосьці завысокае. Гэта спакуса так думаць. Святыя - не касманаўты ці інапланецяне, а звычайныя людзі. Сярод іх ёсць такія, чыё жыццё падобнае да твайго. Добра знайсці такога свайго святога, сябра, які можа цябе зразумець.

Хто такі святы? У Бібліі ўжываюцца розныя словы, якія абазначаюць святасць. Святы, збаўлены, шчаслівы – гэта сінонімы. Святыя – гэта людзі, якія ў сваім сэрцы адкрылі і прынялі штосьці, што дапамагло ім стаць шчаслівымі.

Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, яны вечна спяваюць Табе” (Пс 84 (83), 5).

Якую песню спяваюць святыя? – задаўся пытаннем бр. Уладзіслаў. - Я ўпэўнены, што гэта песня любові. Гэтай мелодыі і мы можам навучыцца, пакуль жывём”.

Святасць пачынаецца з адказу на пытанне: “Кім я ёсць?” Я ёсць Божае дзіця (гл. 1 Ян 3, 1–3). Што гэта значыць у маім жыцці? Ці тое, што я раблю, аб чым думаю, адпавядае таму, кім я ёсць?

 01 11 2025 sviatyh25

У Евангеллі Езус называе шчаслівымі ўбогіх, засмучаных, галодных, прыгнечаных. Ці мы хочам быць сярод такіх? Звычайна, чалавек гэтага баіцца. Ва ўсе часы свет заклікае змагацца за сваё месца, здабываць матэрыяльныя даброты, забяспечваць сябе. Святы - гэта той, які адважыўся насуперак сваім сумнівам адкінуць спадзяванне на даброты гэтага свету, зірнуць страху ў вочы і даверыць сябе Божаму клопату. Хрыстос кажа, што тое, чаго мы баімся, зробіць нас шчаслівымі, бо там нас чакае Ён, які сам прайшоў гэты шлях: на крыжы быў толькі Ён і беднасць. Святы – гэта той, хто адкрыў, што голым быць не страшна, бо адчуў любоў Айца.

Касцёл нам сёння паказвае святых і кажа: "Вось, і ты да гэтага пакліканы". Да таго, каб штодня дзяліцца сабой, а пасля сваёй смерці, па словах бр. Уладзіслава, “не пайсці спаць на канапу, а за такіх жа бедных пілігрымаў заступацца, любіць і падтрымліваць. Работа на цэлую вечнасць”.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок