Пілігрымка да сэрца Каталіцкага Касцёла: Любоў заўсёды пакідае след…
“Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас,
кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на ліха,
каб даць вам будучыню і надзею”.
Іер 29:11
Вернікам нашай парафіі святога Казіміра ў кастрычніку 2025 г. выпала цудоўная магчымасць здзейсніць пілігрымку па Святых мясцінах шматлікіх еўрапейскіх краін і стаць сапраўднымі пілігрымамі Надзеі.

"Пілігрымы Надзеі" – менавіта такую назву атрымаў і Юбілейны 2025 год, які быў аб’яўлены Папам Францішкам. Юбілей Святога 2025 года – гэта асаблівы час ласкі, усталяваны Касцёлам для абнаўлення веры, умацавання надзеі і паглыблення любові сярод вернікаў. Гэта час, калі вернікі аднаўляюць належныя адносіны з Богам і адзін з адным... Але ў цэнтры гэтага юбілею – Хрыстос, у якім кожны чалавек знаходзіць крыніцу надзеі.
Традыцыя святкавання юбілейных гадоў даўняя, заведзеная яшчэ ў 1300 г.: у гонар новага стагоддзя папа Баніфацый VIII абвясціў, што тыя католікі, якія ў гэтым годзе здзейсняць паломніцтва ў Рым, атрымаюць поўнае адпушчэнне ўсіх грахоў. Сярод пілігрымаў, якія прыехалі тады ў Рым, былі Дантэ, Джота, Карл дэ Валуа.
Юбілеі планавалася адзначаць кожныя 100 гадоў, але ў 1350 годзе Папа Клімент VI вырашыў праводзіць іх кожныя 50 гадоў. Яго паслядоўнік у сваю чаргу скараціў тэрмін да 33 гадоў, у рэшце рэшт Папа Рымскі Павел II у спецыяльнай буле 1470 года пастанавіў, што юбілеі будуць абвяшчацца раз у 25 гадоў, каб у кожнага пакалення была магчымасць атрымаць супер-індульгенцыю*.
(*Паводле царкоўнага вучэння, католік, вызнаўшы свае грахі ў сакрамэнце споведзі, атрымлівае прабачэнне і, такім чынам, вызваляецца ад вечнага пакарання, праклёну. Аднак споведзь не вызваляе ад часовай кары за грахі. За іх наступствы чалавек павінен кампенсаваць на зямлі або ў чыстцы. Індульгенцыя (адпуст) заклікана выбавіць ад часовага пакарання самога верніка або душу, якая знаходзіцца ў чыстцы).
Для атрымання індульгенцыі юбілейнага года католікам трэба прыехаць у Рым і прайсці праз асаблівыя Святыя вароты. Гэтыя найпрыгажэйшыя, багата аздобленыя парталы 25 гадоў стаяць запячатанымі і закладзенымі знутры цаглінамі. А раз у чвэрць стагоддзя пячаткі здымаюць, сцены разбіраюць і брама адчыняецца.
Гэта крышку гісторыі, а далей аб нашым незвычайным падарожжы.
Пілігрымка Надзеі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала знакавай падзеяй у жыцці Каталіцкага Касцёла Беларусі і аб’яднала разам вернікаў з усіх чатырох дыяцэзій Беларусі і стала самай масавай ў гісторыі нашай краіны.

17 кастрычніка 2025 г. Дзень першы.
Дзень, які, я ўпэўнена, кожны з нашых пілігрымах правёў у зборах і прадчуванні чагосьці незвычайнага. Ад’езд быў запланаваны на вечар, і ўжо задоўга да вызначанага часу пілігрымы і іх родныя сталі збірацца на паркоўцы ля нашай капліцы. Хтосьці яшчэ паспеў пабыць на вячэрняй святой Імшы; хтосьці маліўся, стоячы асобна ля агароджы; а хтосьці перабіраў у галаве, ці ўсё патрэбнае ўзяў з сабой – дарога ж не вельмі блізкая! Усіх нас яднала адна думка – хутка нас чакае нешта незвычайнае!
І вось мы ўжо ў аўтобусе: прывітанні і пажаданні, абдымкі і пацалункі, смех і радасць, страх і слёзы – усё было ў гэтыя хвіліны. Але малітва, з якой пачалася наша пілігрымка ўсё паставіла на свае месцы. Малітва – гэта моц і дар Божы! Дзякуем брату Уладзіславу за яе!

За час падарожжа нам трэба было пераадолець шлях у 5 000 км і наведаць 4 юбілейныя святыні ў розных краінах Еўропы. Няпросты шлях нас чакаў, але мы верылі, што ўсё атрымаецца!
“Давярацца, Езу, буду я Табе,
Нават, калі б у гэтым сумняваўся свет.
Беражы нас, Езу, як сваіх дзяцей,
Ласкай і пяшчотай душы нам сагрэй…”
18 кастрычніка 2025 г. Дзень другі.
“Езу, давяраю табе”… Колькі разоў я паўтарала гэтыя словы ў сваім жыцці, пералічыць немагчыма. Але пры гэтым ніколі не задумвалася над імі і нічога не ведала, што ікона, да якой я звярталася з гэтымі словамі, мае сваю неверагодную гісторыю!
Мая гісторыя знаёмства з ёй пачалася амаль тры гады назад. Я ведаю, што нічога выпадковага не бывае, што «все случайности – неслучайны». Але… Столькі ўсяго цудоўнага адбылося, што проста не верыцца! Столькі неверагодных асоб: Езус, Фаўстына, Міхал Сапоцька, Ян Павел ІІ, Яўгеніуш Казіміроўскі, Люцыя Балзункевічаўна, Адольф Хыла, Юзаф Грасевіч, Тадэвуш Кандрусевіч…
Столькі неверагодных месцаў: Вільня, Варшава, Беласток, Новая Руда, Валкалата, Кракаў-Лагеўнікі… І неверагодных храмаў…
А наогул, сапраўдны дэтэктыў і, адначасова, рамантычны раман у мяне атрымаўся. І разам з тым з’явілася новае, амаль неадступнае жаданне-мара пабываць ва ўсіх гэтых месцах.
Мара пачала спаўняцца адразу ж! Але сёння – пік: найлепшыя пачуцці і эмоцыі, якія можа адчуваць чалавек. Якую ж неверагодную магчымасць мне падараваў Бог?! Які неверагодна шчаслівы дзень!!!
Кракаў, Лагеўнікі, Санктуарый Божай Міласэрнасці, капліца кляштарнага комплексу Кангрэгацыі Сясцёр Божай Маці Міласэрнасці… У мяне няма слоў… Быць, бачыць, уяўляць, адчуваць, перажываць… Мурашкі па скуры, сэрца гатова вырвацца, дыханне – праз раз…

Я тут, дзе была Святая Фаўстына; я тут, дзе яна мела знявагу ад сясцёр і падтрымку ад свайго спаведніка – Міхала Сапоцькі, я тут, дзе былі яе спатканні з Езусам… Усё, што зараз адбываецца – цуды і Божы падарунак.

І, як падарунак, – святая Імша, якую ўзначаліў арганізатар і кіраўнік нашай беларускай пілігрымкі ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску. Святар пажадаў кожнаму адчуць дотык Божай міласэрнасці і заахвоціў маліцца падчас Эўхарыстыі за свае парафіі, Бацькаўшчыну і ўвесь беларускі народ.



На памяць пра наведванне Санктуарыя пілігрымы атрымалі ў падарунак абразкі з рэліквіямі святой Фаўстыны…

А яшчэ ў гэты дзень быў Санктуарый святога Сымона, Вавельскі каралеўскі замак і, абавязкова, – рэстаран “Пад Вавелем”…
“Сённяшні дзень Бог падараваў!..”
Езу, давяраю табе!

(Каб пазнаёміцца падрабязней з жыццём св. Фаўстыны, з гісторыяй напісання абраза “Езу, давяраю табе”, а таксама распаўсюджваннем культу Божай Міласэрнасці, запрашаю паглядзець мастацка-дакументальны фільм “Любовь и милосердие”.)
19 кастрычніка 2025 г. Дзень трэці.
Венскі вальс, венская опера, венскі штрудзель, венскія вафлі, венскія калбаскі, а яшчэ – капучына, круасан, “Захер” – і гэта толькі невялікі пералік культурных і кулінарных славутасцей Вены.
Колькі ж новага ты можаш адкрыць за адзін дзень?! Цудоўны дзень у цудоўнай кампаніі сяброў! Вельмі радуюся, што са мной – шчырыя, адкрытыя людзі, якія маюць добрыя і адкрытыя сэрцы.
Якое ж гэта шчасце, бачыць тое, пра што распавядаеш вучням! Мець магчымасць дакрануцца да гісторыі! І сёння я дакранулася ўжывую да гісторыі, бо яна тут на кожным кроку.


Аўстрыя… Вена… 470 км дарогі праляцела незаўважна. І так радасна, што мы праз нашых братоў капуцынаў таксама маем датычнасць да Вены. Але ж, напэўна, не ўсе гэта ведаюць, таму крышку патлумачу.
Вена вядома ва ўсім свеце сваёй культурай кавы. У горадзе на Дунаі можна знайсці больш за 1870 кавярняў. Няма, напэўна, ніводнага чалавека, які б не каштаваў каву капучына. Дык вось менавіта манах капуцын Марко з Авіяна сваёй шчырай малітвай падтрымліваў польска-аўстрыйскае войска 12 верасня 1683 года, якое пад кіраўніцтвам караля Яна III Сабескага перамагло туркаў у бітве пад Венай, затрымаўшы іх нашэсце на Еўропу.
Пасля перамогі і вызвалення Еўропы ад Асманскай імперыі пераможцы частавалі ўсіх кавай, здабытай у турэцкіх лагерах. Брату Марко таксама давялося пакаштаваць гэты напой, але кава здалася яму вельмі горкай. Манах папрасіў чым-небудзь пасаладзіць каву, і яму прапанавалі малако, а напой, які ў выніку атрымаўся, назвалі ў гонар капуцына – капучына. Такая гісторыя!


А яшчэ, хутчэй за ўсё, кожны з нас каштаваў круасаны і лічыў, што гэта салодасць родам з Францыі. А вось і не. У гонар усё той жа перамогі над туркамі была выпечана “Венская булачка” (паўмесяц знаходзіўся на сцягу турэцкіх войскаў) цяпер вядомая, як круасан. Так яго сталі называць дзякуючы Марыі-Антуанэце, дачцэ аўстрыйскага імператара Франца I, якая стала жонкай французскага караля Людовіка XVI. Марыя-Антуанэта, паспрабаваўшы “Венскі дэсерт” забрала яго ў Францыю, дзе ён і атрымаў назву – “французскі круасан”.
Знаёмства з Венай распачалося з аглядавай экскурсіі. Мы ўбачылі шмат прыгажэнных скульптурных кампазіцый, палацаў, храмаў і проста будынкаў... Але вялікае ўражанне асабіста я атрымала ад сабора святога Стэфана ці Штэфансдома, Капуцынеркірхе і імператарскай пахавальні Габсбургаў. Тут уразіла ўсё: і гісторыя, і архітэктура, і атмасфера…

Але… Якія ж неверагодныя эмоцыі выклікала святая Імша ў Капуцынеркірхе?! Капуцынскі касцёл! І свае родненькія людзі – такое ўражанне, што ты на сваёй Імшы ў Маладзечне!

Як жа прыгожа прадэкламавалі тэкст святых чытанняў Віталій Арлоўскі і Танюшка Сакалоўская! А які неверагодны псальм заспявала Алёнка Арлоўская – лепш, чым прафесійныя спевакі!


І наш непаўторны брат Улад! Яго словы траплялі без выключэння ў сэрца кожнага з 400 прысутных на Імшы! У храме стаяла такая цішыня, што чуваць было біццё сэрцаў пілігрымаў – усе стараліся не ўпусціць ніводнага слова нашага найлепшага Святара! І кожны з маладзечанскай пілігрымкі радаваўся і ганарыўся: “Гэта наш Святар, гэта наш даражэнькі брат Улад!”

Брат Улад засяродзіў увагу прысутных на Божым Слове, паказаў важнасць малітвы ў жыцці кожнага верніка, а таксама заахвоціў не толькі адкрываць падчас малітвы перад Панам свае праблемы і цяжкасці, але адчыніць сваё вуха і сваё сэрца на голас Бога, каб зразумець, у чым ёсць Яго воля. Толькі так малітва стане сапраўднай сувяззю з Панам Богам.
Пасля Эўхарыстыі ўсе ахвотныя змаглі наведаць крыпту, у якой спачываюць імператары Рымскай і Аўстрыйкай імперыі, а таксама члены іх сямей з дому Габсбургаў.

Дарэчы, апошняе пахаванне адбылося ў 2023 г. І да цяперашняга часу пахаванні суправаджаюцца своеасаблівым рытуалам. Калі пахавальная працэсія падыходзіла да брамы Капуцынеркірхе, і герольд стукаў у дзверы, то манах капуцын пытаўся па-латыні: “Хто просіць аб уваходзе ў гэтую пахавальню?”
Герольд называў імя нябожчыка, скажам, Франц, і пералічваў яго шматлікія тытулы: “Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, кароль Германіі, герцаг Аўстрыі, кароль Багеміі і Маравіі, кароль Венгрыі, кіраўнік Пармы, Ламбардыі і Венецыі і іншае, іншае, іншае...”
На гэта ішоў адказ: “Не ведаю такога!”
Герольд зноў стукаў у дзверы, манах зноў пытаўся пра прыбыўшага і герольд яшчэ раз пералічваў усе тытулы і званні памерлага, на што капуцын зноў адказваў: “Такога мы не ведаем!”
Толькі на трэці раз на пытанне “Хто там?”, герольд адказваў: “Раб Божы Франц, бедны грэшнік”. Толькі тады дзверы адчыняліся, і памерлы кіраўнік займаў сваё месца ў магільным склепе.
Вельмі цікавая і павучальная гісторыя, якая сведчыць пра тое, што ніякія нашы тытулы і ўзнагароды не важныя, галоўнае нашы ўчынкі. Перад Богам усе мы роўныя…
А яшчэ ў нас былі “Любэлла” і “12 апосталаў”, фіялкі і капучына, начная Вена і начное чуванне…
Які неверагодна прыгожы і насычаны дзень?!
“…Пане наш… Узносім да Цябе мы сэрцы, узносім да Цябе мы рукі,.. славім Цябе!..”
20 кастрычніка 2025 г. Дзень чацверты.
Які ж сёння зноў неверагодны дзень?! Здаецца, ужо шмат незвычайнага ты бачыў за папярэднія дні, але цуды не заканчваюцца! Напэўна, ужо ўчора ў мяне пачаў праяўляцца “фларэнційскі сіндром”. Пакуль атрымалася справіцца з ім самастойна, а што яшчэ чакае наперадзе?! Не буду пакуль пра гэта думаць, а падзялюся тым, што перажыла і працягваю асэнсоўваць.
Італія, Альпы, Падуя, Адрыятычнае мора…
Першае месца, якое мы наведалі 19 кастрычніка, – Базіліка Святой Юсціны, якая па сваіх памерах (118 х 82 м) з’яўляецца дзявятай у свеце і сёмай у Італіі. Але ўражвае не гэта, а тое, што зараз тут знаходзяцца мошчы многіх святых, у тым ліку апостала Лукі, апостала Мацвея, пакутніцы Юсціны, двух першых свяціцеляў Падуі – Максіма і Просдакіма. Базіліка Санта-Юсціна – адзін з найбольш шанаваных храмаў не толькі ў Падуі, але і ва ўсёй Італіі.


Самае старажытнае месца ў храме – раннехрысціянская капліца Святога Просдакіма, цудам ацалелае падчас землетрасення 1117 г. Моцныя ўражанні… Гэта - прыгажосць, якая захоплівае!

Пазней цудоўным чынам некаторыя з пілігрымаў трапілі ў Свяцілішча Леапольда Мандзіча, размешчанае на плошчы Санта-Крочэ.

Храм прысвечы святому, які быў манахам капуцынам (наш, родненькі капуцын!) і служыў святаром у гэтым касцёле. На працягу 36 гадоў пражывання ў манастыры кожны дзень з раніцы да вечара св. Леапольд праводзіў у спавядальні (ад 12 да 15 гадзін!), садзейнічаючы вернікам у сакрамэнце пакаяння. Незадоўга да смерці святога (30 ліпеня 1942 г.) манастыр быў падвергнуты магутнай бамбардзіроўцы і амаль цалкам разбураны, аднак келля айца Леапольда не пацярпела. Цуды!

Убачыць рэчы св. Леапольда, месца, дзе ён гадзінамі слухаў людскія споведзі і маліўся, а таксама самога святога Леапольда Мандзіча (мошчы) – гэта нешта нерэальнае! Святасць, якая не пакідае абыякавым!..

А далей быў галоўны храм Падуі – кафедральны сабор святога Антонія. Знешне храм уяўляе сабой сціплую базіліку з прыбудаванымі да яе капэламі Мадонны цудаў і Святых сакрамэнтаў. Існуе версія, што некаторыя дэталі праекта распрацоўваў вядомы Мікеланджэла Буанароці.


Так ці не, але храм – Божы цуд! Просты знешне, ён вельмі велічны ўнутры! Чаго там толькі няма?!
Ледзь пераступіўшы парог гэтага незвычайнага будынка, мы адразу ж зачараваліся пышнасцю яго ўпрыгожвання. Сярод самых вядомых вылучаецца Пала дэль Санта, шэдэўр Джота; капліца Сан Джакома; цудоўныя фрэскі Джуста дэ Менабуі…
Але жамчужына – капліца Святога Антонія! Яе мармуровая аздабленне і па-майстэрску выкананыя рэльефы распавядаюць пра жыццё і цноты Святога, а прысутнасць свечак, запаленых наведвальнікамі, якія шукаюць суцяшэння ці падзякі, дадае атмасферу моцнай духоўнасці.

Базіліка св. Антонія – гэта штосьці большае, чым проста месца пакланення; гэта падарожжа ў часе і прасторы, якое распавядае адну з самых захапляльных гісторый хрысціянскай духоўнасці. Заснаваная ў 1231 годзе, праз некалькі месяцаў пасля смерці святога Антонія, базіліка з’яўляецца данінай жыцця і творчасці гэтага Цудатворца, ушанаванага ва ўсім свеце за яго красамоўства і адданасць людзям, якія жывуць у нястачы…
А далей – Святая Імша на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупам Юзафам Станеўскім і прысутным Генеральным вікарыем архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, прыгожыя беларускія спевы ў італьянскім храме ХІІІ ст. – гэта ЦУДЫ! Гэта – прыгажосць, якая натхняе!..



Эмоцыі мяне накрылі…
"Дай духа любові, увайдзі ў жыццё маё…”
21 кастрычніка 2025 г. Дзень пяты.
Сотамарына, Фьюджы, Рым… Адрыятычнае мора, Апеніны, Тыбр…
Пасля неверагоднай Падуі мы накіраваліся ў Сотамарына – невялікі гарадок, ажыўлены марскі курорт, размешчаны на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора ў рэгіёне Венета. Многія з нашых пілігрымаў не маглі не выкарыстаць магчымасць і не пагуляць па беразе вячэрняга Анрыятычнага мора. Рамантыка!
Балонья… Горад, знакаміты сваім універсітэтам, мяснымі соусамі і сярэднявечнымі вышыннымі дамамі. Але нас цікавіў сабор святога Дамініка, бо менавіта тут захоўваюцца астанкі св. Дамініка, заснавальніка Ордэна Братоў Прапаведнікаў і апостала Ружанца. На жаль, не ўсім марам і планам бывае наканавана спаўняцца…
Затое прыгоды нас чакалі! Прыгоды беларусаў у Балоньі!
Фьюджы – чароўны італьянскі гарадок у рэгіёне Лаціна, акружаны вінаграднікамі, аліўкавымі гаямі і густымі каштанавымі лясамі ў перадгор’ях Апенін – самы сапраўдны прыродны аазіс. Горад славіцца сваімі гаючымі мінеральнымі водамі і з’яўляецца адным з вядучых тэрмальных курортаў Італіі.
Умоўна Фьюджы можна падзяліць на дзве часткі: гістарычны цэнтр, вядомы як Фьюджы Чыта, з яго сярэднявечнымі вулачкамі, старадаўнімі цэрквамі і ўтульнымі плошчамі, і сучасны курортны раён Фьюджы Фонтэ, у якім мы спыніліся на 2 ночы. Вельмі прыгожае і ўтуальнае месца!
Паветра...
«Горный воздух, горный воздух,
Лучшей встречи не ищу –
Невзирая на погоду,
Я к тебе, мой друг, спешу!..»
22 кастрычніка 2025 г. Дзень шосты.
А далей? “Усе дарогі вядуць у Рым!”
22 кастрычніка для нас, пілігрымаў, стаў кульмінацыйнай падзеяй, бо менавіта ў гэты дзень мы дасягнулі мэты свайго пілігрымавання. Пярлінай нашай пілігрымкі стала аўдыенцыя Папы Рымскага Льва XIV і святая Імша на галоўным алтары сабора Святога Пятра!

Ужо з самага ранку перад уваходам у Ватыкан з’явіліся першыя пілігрымы, колькасць якіх з кожнай хвілінай усё павялічвалася і павялічвалася і з цягам часу ператварылася ў стракатую шматнацыянальную раку вернікаў, якія спяшаліся на агульную аўдыенцыю з Папам Львом XIV.


Аўдыенцыя распачалася а 10-ай гадзіне. Па традыцыі Папа Леў XIV да месца прамаўлення гаміліі і малітвы праехаў на папамабілі праз шэрагі пілігрымаў, што дало магчымасць большай колькасці вернікаў зблізку ўбачыць пастыра Каталіцкага Касцёла.

Пасля агульнай аўдыенцы вернікі прайшлі ў пілігрымцы ад Замка Святога Анёла праз Плошчу Святога Пятра – шлях, вядомы ад першага Юбілею 1300 года. Мост Святога Анёла над Тыбрам быў тады адзіным, па якім можна было трапіць да базілікі Святога Пятра. Ёсць нешта адначасова магутнае і пакорлівае ў тым, каб сабрацца разам з адзінаверцамі з самых розных слаёў грамадства і самых аддаленых куткоў зямлі дзеля агульнай мэты. І ўсе мы пройдзем праз гіганцкія пазалочаныя Святую Дзверы ў саборы Святога Пятра, якія адкрываюцца толькі ў юбілейныя гады…

Наперадзе пілігрымы неслі вялікі крыж. Па чарзе знак збаўлення трымалі ў руках іерархі, святары, сёстры законныя, вернікі. Падчас шляху да Святой Брамы – аднаго з найважнейшых абрадаў Юбілейнага году Надзеі – маліліся на Ружанцы і спявалі песні. Немагчыма перадаць усе пачуцці, якія перапаўнялі ў той момант сэрца...



Перад Святой Імшой надарылася магчымасць наведаць Ватыканскія гроты. Гэта настолькі кранальнае месца, што захоплівае дыханне: калі ты ведаеш, што цябе чакае Святы Пётр і Ян Павел ІІ, то цябе не палохае і тое, што ты ідзеш не ў тым кірунку, ідзеш супраць натоўпу…
У Ватыканскіх гротах у цяперашні час спачываюць 23 з 266 памерлых пап рымскіх. Многія з пераемнікаў Святога Пятра хацелі быць пахаванымі побач з ім. Акрамя іх там спачываюць каралі, прынцы, рэлігійныя дзеячы і першыя хрысціяне Рыма…


А далей – святая Імша, якая цэлебравалася ў Базіліцы Святога Пятра ўпершыню поўнасцю на беларускай мове. І вельмі сімвалічна, што распачалася яна а 15 гадзіне! Гэта так прыгожа і радасна, калі ў самым сэрцы Каталіцкага касцёла гучаць найпрыгажэйшыя спевы: “Малюся за цябе, Беларусь”, “Маці Будслаўская, Маці Святая”…


Эўхарыстыю ўзначаліў Старшыня ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Імшу канцэлебравалі каля дваццаці святароў, якія суправаджалі групы пілігрымаў з розных парафій, у тым ліку з Мінска, Бялыніч, Вілейкі, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, Нарачы, Шклова, Шуміліна і інш.
Гамілію для вернікаў прамовіў Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён адзначыў, што беларусы – гэта народ, які асабліва праяўляе міласэрнасць і згоду і малітва ў Рыме – гэта “заклік да духоўнага адраджэння кожнага з нас, каб Беларусь, захоўваючы хрысціянскія каштоўнасці, стала не толькі геаграфічным цэнтрам Еўропы, але і яе маральным сумленнем і прыкладам хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі”.
Пастыр пажадаў прысутным, каб у іх вачах засталося “святло гэтага Вечнага горада, святло Пятровай веры і Хрыстовай любові”, каб Рым не застаўся ў памяці як горад мінулага, поўны хрысціянскіх помнікаў і сведчанняў славутай гісторыі Касцёла. “Для нас – гэта горад надзеі”, – падсумаваў іерарх.
“…Каралева супакою, маліся за нас!.."

Цудоўна! Грандыёзна! Гэта не тыя словы, якімі можна апісаць убачанае... а іншых я проста падабраць не магу. Сабор Святога Пятра павінен наведаць кожны і кожны павінен убачыць яго асабіста.


Завяршыўся наш дзень у Рыме цудоўнай эскурсіяй па найбольш знакамітых і прыгожых месцах Вечнага горада.



Сэрцы напоўніліся падзякай і супакоем: ад шуму Адрыятыкі да велічы Ватыкана. Мы прайшлі шлях, які звязаў прыроду і гісторыю, культуру і веру. Шмат можна сказаць і напісаць, але наша Пілігрымка не завяршылася ў Рыме…
“Мы толькі момант, Ты, Божа, вечнасць…”
23 кастрычніка 2025 г. Дзень сёмы.
Фларэнцыя… Шмат цікавага чула пра гэты горад і, вядома ж, вельмі хацела сюды трапіць. Рыхтавалася да наведвання, шмат чытала і глядзела, але гэта ніяк не параўнаецца з арыгіналам. І нават калі я вывучу ўсе слоўнікі свету, усё роўна не змагу выказаць усю буру пачуццяў і эмоцый і сваё захапленне. Гэта проста шыкоўна!
“Фларэнційскі сіндром”** адчула на сабе напоўніцу… Але аб усім па парадку.
(**Фларэнційскі сіндром, або сіндром Стэндаля — вострая эмацыйная рэакцыя на празмернасць прыгажосці. Тэрмін з'явіўся пасля таго, як французскі пісьменнік, апынуўшыся ў адным з фларэнційскіх храмаў, пад уражаннем ад твораў мастацтва адчуў моцнае галавакружэнне і трывогу. У сучаснасці падобныя сімптомы часам узнікаюць у падарожнікаў, калі яны занадта хутка пагружаюцца ў культурную спадчыну Тасканы.)
Фларэнцыя стала радзімай Адраджэння, падарыўшы свету Сандра Батычэлі і Леанарда Да Вінчы, Нікола Макіявелі, Дантэ Аліг’еры і Галілеа Галілея. Ад прыгажосці разбягаюцца вочы…
Першае месца, якое мы наведалі ў гэты дзень, плошча Дуомо – сэрца горада і кропка пачатку адліку Рэнесансу.

Лічаць, што менавіта з фарміравання гэтага ансамбля і пачалося Адраджэнне. Ансамбль складаецца з сабора Санта Марыя дэль Фьёрэ і яшчэ некалькіх будынкаў. Сабор унікальны. Ён будаваўся, каб змясціць усіх людзей горада: ці мала што надарыцца? Купал велізарны і таксама ўнікальны. Сабор доўга стаяў без купала, так як па амбіцыйным праекце патрабаваўся велізарны купал, якія тады не ўмелі рабіць. Таму там прыдумалі канструкцыю з двума купаламі, дзе адзін падтрымлівае іншы. Зрабіў гэта Філіпа Брунелескі. Гэта наватарства, якога не было нідзе. Да цяперашняга часу гэта самы вялікі купал у свеце.

Якая ж прыгажосць: і знешне, і ўнутры?! Уражанні неверагодныя!
І так добра і спакойна было крыху пасядзець і ў цішы памаліцца ў капліцы святога Яна Златавуснага (Хрызастома), які шануецца праваслаўнымі і каталіцкімі вернікамі. Яго апошнімі словамі былі: “Божа, будзь праслаўлены за ўсё”. Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра, а тут знаходзіцца яго галава.
Пачытаўшы пра гэтага святога, мне вельмі спадабаліся яго думкі. Вось адна з іх: “Малітва – гэта лекі. Але калі мы не ведаем, як іх ужываць, мы не атрымаем ад іх карысці. І перш за ўсё варта ведаць, што для малітвы не патрабуецца пэўнага становішча цела, няма неабходнасці ў асаблівым месцы і часе, але патрэбныя толькі шчодры розум і ўвага… Нам трэба навучыцца мець моцнае жаданне да малітвы. Мець жаданне быць у няспынным дыялогу з Госпадам – днём і ноччу… Куды б ты ні пайшоў, маліся! Ты – храм Божы, не шукай асаблівага месца, бо патрэбна толькі твая прысутнасць і жаданне быць з Госпадам…”
Рухаемся далей. Было па шляху яшчэ некалькі храмаў і архітэктурных цікавостак, галерэя Уфіцы, але ўразіць яны мяне ўжо не маглі.
А вось прыгоды нашай кампаніі запомняцца на доўгі час! Беларусы пакарылі Фларэнцыю! А можа, наадварот?

На вялікі жаль, часу наведаць базіліку Санта Крочэ, у якой знаходзіцца пахаванне нашага славутага земляка М.К. Агінскага, у нас не засталося – гэта нагода, каб вярнуцца сюды яшчэ раз…
Ці ёсць у свеце горад лепшы за гэты? Вядома ж, ёсць, але тут я пакінула часцінку свайго сэрца. У гэтага горада ёсць свая магія… Фларэнцыя быццам выкарыстала на мне сваё любоўнае зелле. Гэта незаконна, але я павялася…

Жаданне споўнілася! Чалавек – гэта нешта неверагоднае!
“Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным” (Выслоўі 16:9).
24 кастрычніка 2025 г. Дзень восьмы.
«Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай…»
Амаль такім выдаўся маршрут перадапошняга дня нашай пілігрымкі. Краявіды зачароўваюць: лясы і палі, узгоркі і снежныя горныя вяршыні, рэкі і вадапады, Альпы і Дунай… Прыгажосць! Вачэй адарваць немагчыма!
Усе пагружаны ў свае думкі, але адчуваецца агульная радасць – нібы кожны паварот дарогі адкрывае новую старонку агульнай гісторыі.
Падчас дарогі ў нас атрымалася паглядзець фільм “Джузэпэ Маскаці", зняты па біяграфіі святога Джузэпэ, італьянскага ўрача, далучанага да ліку святых. Сказаць, што фільм захапіў, – нічога не сказаць! Лічу, што гэты фільм абавязковы для прагляду ўсім медыкам, як напамін пра міласэрнасць, прафесійную этыку і пакліканне. А таксама і кожнаму з нас, каб маглі задумацца пра каштоўнасць жыцця і дабрыні ў штодзённасці. Міласэрнасць і любоў – дэвіз фільма, словы вельмі блізкія для св. Фаўстыны – было б цудоўна, каб гэтыя словы сталі натхненнем і дэвізам і для кожнага хрысціяніна…
Італія, Аўстрыя, і вось яна – Венгрыя! Усе ў радасным прадчуванні найхутчэй пабачыць Будапешт – сэрца забіліся часцей. Цеплыня горада адчуваецца ў паветры: масты, якія злучаюць берагі, сілуэты палацаў і будынка парламента, высокія шпілі сабораў і асаблівы бляск на вадзе... Засяліўшыся ў гатэль, мы прыехалі да Дуная і стаялі, прыслухоўваючыся да плёскату вады і да гукаў горада, і нібы чулі запрашэнне глыбей увайсці ў яго гісторыю. Рамантыка і захапленне…
Гуляючы на начным горадзе, дайшлі да касцёла святой Лізаветы – касцёла Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў (як жа нам шанцуе на блізкія нам капуцынскія храмы і капуцынскі дух!), які адкрылі спецыяльна для нас. Унутры ціха, гараць невялічкія свяцільні – подых гісторыі ва ўсім…
Такія неверагодныя эмоцыі?! Начная святая Імша… Сэрца гатова вырвацца… Я нават не маю слоў для таго, каб гэта апісаць. А побач 45 такіх жа захопленых вернікаў (і няверуючых, якія былі разам з намі!), якія не звяртаючы ўвагі на стомленасць, доўгія пераезды і няблізкую дарогу да гатэля выбіраюць наведванне храма замест адпачынку... Усё зразумела без слоў! За гэтыя дні мы сталі адным цэлым, адной супольнасцю, сям’ёй…


Брат Уладзіслаў Мінько, які заўсёды з намі, сёння нейкі зусім не такі, як звычайна: сур’ёзны і радасны адначасова, яго словы заўсёды трапляюць у самае сэрца! Колькі ж мудрасці ў гэтым зусім маладым Святары?!.

Усе мы разумеем важнасць таго, што перажываем у гэтыя хвіліны. Побач з братам Уладам наш зямляк – брат Антон Страх, які служыць у гэтай святыні, і які таксама радуецца за нас і разам з намі...


Супольная малітва і кранальны спеў, не падобны на ўсе іншыя… Мы стаім побач адзін з адным. Бачна, што многіх перапаўняюць пачуцці: радасць, супакой, падзяка і любоў. Мы сабраліся на кароткую малітву за шлях, за людзей і за тое, што нашы сэрцы так моцна звязаліся адзін з адным і з Богам.
Пасля Імшы доўга не спяшаліся выходзіць: лёгкасць у сэрцы – быццам гэта начная Імша дала нам новую сілу і супакой, стала пачаткам новага жыцця з Богам…

Гэты дзень застанецца ў памяці прыгожым праменьчыкам святла, які яшчэ доўга будзе гарэць у сэрцы і саграваць душу. Мы адпраўляемся далей ужо не проста як пілігрымы, а як людзі, якія здолелі знайсці супакой у дарозе і сэнс у сустрэчах. Мы – Пілігрымы Надзеі!

25 кастрычніка 2025 г. Дзень дзявяты.
Дзень, які прайшоў у чаканні сустрэчы з домам, з роднай Беларуссю, з любімай сям’ёй…
Смех і жарты, прыгожыя краявіды і цікавыя фільмы, шчырыя размовы і малітвы, пазнавальная віктарына і прыгожае павучанне брата Уладзіслава – усё ў нас было…
А пілігрымка працягнецца, нягледзячы на тое, што мы ўжо будзем дома. Кожны з нас пранясе свае праменьчыкі Веры, Надзеі і Любові і будзе дзяліцца са сваімі роднымі і блізкімі, сябрамі і калегамі, знаёмымі і незнаёмымі… Маленькае зерне дасць добры ўраджай! Я ў гэтым упэўнена! “…Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасце, то большае за любую зеляніну і становіцца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і гняздуюцца на яго галінах” (Мц 13:32).
Няхай кожны з вас адчуе на сабе Божую Міласэрнасць!
“Любоў заўсёды пакідае след… Любоў не можа існаваць у адзіноце…”
Любіце і будзьце міласэрнымі!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота, відэа: Таццяна Шумель і ўдзельнікі пілігрымкі
***
Уражанні ўдзельнікаў Юбілейнай пілігрымкі
Маргарыта Дудзіч:

Адбылася мая першая пілігрымка. Гэта было вельмі займальнае падарожжа, побач з міласэрнымі, добрымі і адкрытымі людзьмі. Нават і не заўважыла, наколькі хутка праляцеў час. Гэтыя 9 дзён пранесліся, як адно імгненне! Усё, што мы бачылі, уражвала сваёй велічнасцю і прыгажосцю, ад якой захоплівала дух. Мы наведалі мноства касцёлаў, але ў кожным з іх на душы рабілася так спакойна і светла, што ты пераставаў адчуваць нейкую стомленасць, і, наадварот, з’яўляліся новыя сілы.
Цудоўны час, цудоўныя мясціны, цудоўные людзі!
Святлана Пацукевіч:

Дарагія браты і сёстры!
Калі ў мяне запытаюць, чым значны ў маім жыцці 2025 год, адкажу адразу: пілігрымка ў Рым, у Ватыкан, дзе спачатку адбылася аўдыенцыя з папам Львом XIV, а затым Святая Імша ў Базіліцы Святога Пятра ўпершыню на беларускай мове, што вельмі значна не толькі для пілігрымаў, але і для нашай краіны.
Гонар ахопліваў нас, калі мы, 400 чалавек, рухаліся ў напрамку Базілікі Святога Пятра, адгаворваючы малітвы і спяваючы «Малюся за цябе Беларусь...».
Мноства людзей назірала за намі, і мы адчувалі сардэчную цеплыню, добры настрой – і ўсё гэта мы прывезлі ў Беларусь, каб падзяліцца са сваімі роднымі, сябрамі, знаёмымі.
Асабістую падзяку выказваю кіраўнікам нашай групы: Таццяне Шумель і брату Уладзіславу, якія праз малітву стваралі ў дарозе атмасферу любові і цярплівасці адзін да аднаго.
Жадаю ўсім пілігрымам Божай любові, веры, надзеі і міласэрнасці на сваім жыццёвым шляху!
Таццяна Пясецкая:

Гэта пілігрымка для мяне была цудоўным часам. Я не планавала загадзя, што б хацела атрымаць, адчуць і пабачыць, а даверыла ўсё Богу і ўспрымала ўсё, як яно ёсць. Усе падзеі нашай пілігрымкі акунулі ў трохі нерэальны цудоўны свет: і людзі, і адносіны, і прамовы, і казанні, і сустрэчы, і краявіды, і фільмы ў дарозе, і здарэнні...
Яшчэ доўгі час буду ўспамінаць, асэнсоўваць і дзяліцца.
Марыя Дзяруга:

Моё впечталение от пилигримки невероятное. Начиная с момента нашего выезда от костёла в Молодечно. С каждым городом, страной я впечатлялась от величия и любви Господа к нам. Благодарна за эту возможность, которую он дал нам, через этот “Год Надзеi”. За людей, в обществе которых мы ехали, таких разных, со своими радостями, трудностями и переживаниями.
Было приятно переживать моменты радости, единения, восторга, величия... Службы для людей, молитвы, науки, службы с людьми близкими по духу – это объединило нас ещё больше.
Желаю себе и всем сохранять и приумножать всё то, что Господь даровал нам в этом пути.
Благославляй нас, Господь!
Антаніна Трыпуцька:

Я дагэтуль пад вялікім уражаннем. Вялікі дзякуй Міласэрнасці Бога за атрыманую ласку для мяне пабачыць такія мясціны і такую прыгажосць, і сустрэць такіх цудоўных людзей.
А таксама вялікая падзяка брату Уладзіславу за духоўнае навучанне і цярплівасць. Вялікі дзякуй Таццяне за дапамогу ў арганізацыі і цярплівасць да кожнага з нас. Няхай вам аддзячыць Бог Усемагутны.
Алена Маціеўская:

Нягледзячы на доўгія пераезды і шчыльны графік, на здзіўленне, стомленасці зусім не адчувалася! Дзякуючы выдатнай арганізацыі (дзякуй Вам, Таццяна, вялікі!) за такі кароткі час атрымалася шмат чаго ўбачыць і нікому не згубіцца!
Але самае галоўнае ў пілігрымцы – удалося адчуць прысутнасць Бога з розных бакоў: сам насам у цішыні сэрца, побач с суседам, у адносінах усёй группы на працягу ўсяго шляху, на плошчы Св. Пятра ў натоўпе “ўсяго свету”!
Дзякую за такую магчымасць, за супольную малітву (асабліва запомнілася Св. Імша ў Будапешце), за цікавую і важную інфармацыю падчас пераездаў (дзякуючы ёй, я з іншага боку глянула на Вяночак да Божай Міласэрнасці і зараз з цікавасцю чытаю “Дзённік Святой Фаўстыны”).
Асаблівая падзяка брату Уладу за малітву, скіраваныя словы, бадзёрасць і гумар, увагу да кожнага пілігрыма надзеі, падтрымку.
Увогуле я першы раз была ў Італіі, зямлі столькіх святых! І, як пачынаю ўспамінаць, – дрыжыкі бягуць па целе! А ўбачыць Папу на свае вочы?!.
І, канешне, – Балонскі квест і “чароўнае месца” ў Дэкастэрыі…
Ангеліна Гуд:

Для мяне гэты час быў багатым на спантанныя знаёмствы з людзьмі, якія ўзбагацілі мяне не толькі словам, але самой цярплівасцю, малітвай, шчырасцю, добрым настроем і гумарам. Захапляюся пілігрымамі старэйшага ўзросту, якіх не стрымалі перапады ціску, боль у нагах і спіне…
Наш аўтобус (5) стаўся сапраўднай адной камандай, якая дружна і арганізавана перажывала штодня новыя выклікі, зведвала новыя краіны і мясціны, даведвалася розныя гістарычныя цікавосткі, якія для нас падрыхтавалі нашыя арганізатары, і разам шукала адказы на пытанні віктарын.
У дарозе знайшоўся час пабыць у цішыні, “сабраць” свае думкі, паразважаць, падзякаваць Богу і даверыць Яму тое, што цяжарыць. Таксама дачытаць некалькі кніг, якія даўно чакалі свайго часу. А праз супольны прагляд фільмаў адкрыць яшчэ большае жаданне любіць бліжняга і больш давяраць Богу. Праз малітву штодня: ружанец, вяночак да Божай Міласэрнаці, Літургію гадзінаў, Святую Імшу, каментар і разважанні адчула сябе ўмацаванай і суцешанай Богам.
Асабліва радасна перажыла час у Ватыкане, адчувалася, як праз самае быццё ў такім натоўпе, прысутнасць і словы Папы, Хрыстос сам яднае нас, прысутных з розных кантынентаў, з рознымі мовамі і традыцыямі.
Супольная Святая Імша ў ватыканскай базіліцы Святога Пятра была асаблівым падарункам у гэтай пілігрымцы. Радасна, што мы, пілігрымы з Беларусі, разам молімся за нашую Радзіму і яе будучыню тут, у “сэрцы” хрысціанства, на месцы мучаніцкай смерці за веру шматлікіх людзей.
Завяршылася мая пілігрымка ўдзячнасцю за супольны час і жаданнем зноў пабыць разам у гэтых святых месцах.
Антаніна Жукоўская:

Пилигримка в Рим для меня – это подтверждение, что я иду правильным путём. Святые места оставили неизгладимое впечатление от увиденного. Та атмосфера доверия, любви и взаимопонимания, которая была во время паломничества, оставила у нас с мужем не затухающее чувство душевного восторга. Чувства лёгкости и любви к человеку переполняют, и ещё больше веришь, что любовь Бога творит чудеса.
Хочется ещё раз выразить признательность тем людям, которые это мероприятие организовали и провели.
Таццяна Сакалоўская:

“Гэта немагчыма!”, – гучалі словы ў маёй галаве. Пілігрымка ў Рым, Папа Рымскі – гэта былі мае мары. Няўжо і сапраўды яны збудуцца? Але для Бога няма нічога немагчымага!
І вось мы ўсе разам: побач людзі з адкрытымі сэрцамі; месцы, якія захопліваюць дух; святыя, да якіх падыходзім і адчуваем іх заступніцтва. Сумесныя малітвы, экскурсіі, вольны час, прыгажосць мясцін, усмешка, якая не сыходзіла з нашых твараў увесь час… Папа, якога бачыш сваімі вачыма, і ён зусім блізка – атмасфера неверагодная!
У Базіліцы Святога Пятра адчуваеш супакой і радасць. Асабліва, калі бачыш месца яго пахавання, а таксама і іншых Папаў – і гэта ўсё даступна для кожнага чалавека.
Усе гэта трывае яшчэ ўнутры цябе і застанецца ў памяці назаўсёды.
Вярнуўшыся з верай і надзеяй дадому, мы чакаем убачыць плёны нашага падарожжа, а якія яны будуць – пакажа час.
Святлана Гулецкая:

Десять невероятных дней с невероятными людьми рядом! Пилигримы надежды! Это мы, обычные люди, со своими проблемами, просьбами и благодарностями к Богу. У каждого свой путь, приведший пилигрима в это путешествие. Лично для меня – это первая пилигримка. И она была незабываемая, увлекательная, комфортная. Спасибо большое за это брату Владу Минько и Татьяне Шумель.
Каждый момент был продуман до мелочей и с большой любовью. Это ощущал каждый!
Святые места, намоленные веками храмы, гробницы Святых, Богослужения – все это у меня оставляет чувство спокойствия и умиротворения.
С такими ощущениями я вернулась домой из своей первой пилигримки. Понимаешь, что ты приехал другим, с новыми силами и мировосприятием. Понимаешь, что тебе хочется возвращаться в святые места снова и снова…