XХV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ 24 верасня 2023 г.
XХV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ
24 верасня 2023 г.
1. Шчыры дзякуй за кожную малітву, ахвяру і дапамогу на карысць касцёла і кляштара. Вялікая ўдзячнасць тым, хто на гэтым тыдні прыбіраў у касцёле, і тым, хто прычыніўся да святкавання ўрачыстасці св. айца Піо. Дзякуем міністрантам за служэнне падчас св. Імшаў, хору за прыгожы спеў, усёй тэатральнай групе за цудоўны спектакль аб жыцці св. айца Піо. Няхай за ўчыненае дабро ўзнагародзіць вас Пан Езус і Святы наш айцец Францішак.
2. На гэтым тыдні адзначаем:
- У сераду 27 верасня - успамін св. Вінцэнта дэ Поля, святара.
- У пятніцу 29 верасня - свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў.
- У суботу 30 верасня - успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла.
3. 19 мая 2024 г. ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў нашай парафіі запланаваны сакрамэнт Канфірмацыі. У хуткім часе распачнецца падрыхтоўка да сакрамэнтаў споведзі, Эўхарыстыі і Канфірмацыі для дарослых, якія яшчэ ніколі не прымалі гэтых сакрамэнтаў. Зацікаўленых просім запісацца на падрыхтоўку ў сакрыстыі. Заняткі пачнуцца ад кастрычніка.
4. У пятніцу 29 верасня пасля вячэрняй святой Імшы адбудзецца адарацыя і духоўная сустрэча для мужчын. Моцна запрашаем усіх мужчын нашай парафіі. Ёсць пэўнасць, што такія сустрэчы выключна ў мужчынскім коле патрэбныя для адкрыцця і паглыблення ўласнай тоеснасці, духоўнасці і місіі ў сям’і і Касцёле.
5. Валанцёры з нашай парафіі прапануюць праект "Век жыві, век вучыся" - гэта разнастайныя заняткі, майстар-класы, псіхалагічныя трэнінгі, лекцыі аб здаровым ладзе жыцця, гістарычныя вандроўкі. Запрашаем усіх жадаючых, асабліва людзей сталага веку, каб адпачыць і цікава і пазнавальна правесці вольны час. Адбудзецца сустрэча-знаёмства ў нядзелю 1 кастрычніка, пасля Імшы а 18.00 у капліцы. Сардэчна запрашаем да набыцця новых ведаў і вопыту.
6. 7 кастрычніка 2023 г. у Магілёве пройдзе VII Ружанцовы кангрэс у 240-ую гадавіну заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі. З нашай парафіі ёсць магчымасць выезду аўтобусам на гэтую падзею. Можна запісацца ў краме да 30 верасня. Кошт паездкі 35 руб.
7. Як звычайна, у аўторак вячэрняя св. Імша з набажэнствам да св. а. Піо. Гэту святую Імшу можна слухаць праз Радыё Марыя.
8. Моцна запрашаем на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту кожны чацвер ад 16.00 да вячэрняй святой Імшы.
9. Нагадваем, што падрыхтоўка для бацькоў, якія хочуць ахрысціць сваё дзіця у нашай парафіі складаецца з чатырох катэхез. Перад пачаткам курсу абавязковая размова з пробашчам. Курс будзе паўтарацца кожны месяц. Па спасылцы нашым сайце пададзена інфармацыя адносна крытэрыя выбару хросных бацькоў для дзіцяці: Па якім прынцыпе выбіраюцца хросныя.
10. Запрашаем наведаць нашу парафіяльную краму, дзе можна набыць рэлігійную літаратуру і часопісы, абразы, малітоўнікі, фігуркі са штучнага каменя і інш...
Прапануем прамую трансляцыю нядзельнай Св. Імшы а 10.00 гадзіне на нашым YouTube канале. Каб нас знайсці, трэба шукаць: Парафія св.Казіміра Касцёл св.Піо ў Маладзечне.
Раім паглядзець альбо паслухаць: Радыё Марыя
Для ахвярадаўцаў
Рэлігійная абшчына «Рымска-каталіцкая парафія Касцёла «Святога Казіміра» у г. Маладзечна Мінскай вобласці» вул. Прытыцкага 17, 222310 г. Маладзечна УНП 601011351 Р/р: BY16 PJCB 30151107321000000933 «Прiорбанк» ААТ БIК SWFT: PJCBBY2X
Ахвяраванне для нашай парафіі можна здзейсніць праз сістэму АРІП па нумару паслугі 4922841, а таксама ў дрэве АРІП праз інтэрнэт-банкінг: дабрачыннасць, грамадзкія аб’яднанні - рэлігійныя аб’яднанні – Молодечно Приход Св. Казимира - ахвяраванне