Пальмовая Нядзеля Мукі Пана, Год А 29 сакавіка 2026 г.
1. Шчыры дзякуй вам за кожную малітву, ахвяру і дапамогу на карысць касцёла і кляштара. Асаблівая падзяка тым, хто на мінулым тыдні прыбіраў у касцёле, вакол яго і прыняў удзел у парафіяльнай талацэ. Дзякуем усім, хто прычыніўся да ахвяраванняў у скарбонку на кветкі да гробу Пана і прыняў удзел у акцыі “Велікапосная міласціна”. Вялікая падзяка ўсім супольнасцям, якія рыхтавалі і ўпрыгожвалі вербы на сённяшнюю ўрачыстасць. За кожнае дабро няхай узнагародзіць вас Пан Езус і святы наш айцец Францішак.
2. Сённяшні збор ахвяраванняў прызначаны на патрэбы семінарыі ў Гродне.
3. Заахвочваем набываць вербы і розныя вырабы ў нашай францішканскай моладзі, ФОС і валанцёраў Caritas. Ахвяраванні якія яны збіраюць пойдуць на арганізацыю рэкалекцый і дабрачыннасць. Таксама заахвочваем падтрымаць маладзечанскі “Цёплы дом” і сям’ю, якая дапамагае нам з вослікам на сённяшнюю ўрачыстасць, не прамінаючы іх прыгожыя вырабы і карыстаючыся з магчымасці пакатаць на восліку дзетак.
4. Расклад набажэнстваў на працягу Вялікага тыдня:
- У Вялікі панядзелак, аўторак і сераду расклад святых Імшаў звычайны як ў буднія дні. Перад кожнай Святой Імшой будзе яшчэ магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі. Пачынаючы з чацвярга споведзі ўжо не будзе (за выключэннем нейкіх асаблівых выпадкаў).
- Вялікі Чацвер 2 красавіка – Імша Вячэры Пана а 18 гадзіне. Вялікі чацвер — гэта пачатак Святога Пасхальнага Трыдуума, трох святых дзён, якія і з’яўляюцца непасрэдным святкаваннем Пасхі. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Цямніцы пасля вячэрняй Літургіі да 21 гадзіны.
- Вялікая Пятніца Мукі Пана 3 красавіка – дзень сціслага посту і ўстрымання ад мясных страваў. А 8:00 – Ютрань і Гадзіна Чытанняў. Пасля на працягу ўсяго дня запрашаем на адарацыю Езуса ў Цямніцы. Запрашаем таксама на Крыжовы Шлях а 17:00. Літургія Мукі Пана распачнецца а 18:00, падчас гэтай Літургіі адбудзецца Адарацыя Крыжа. У гэты дзень таксама распачынаецца навэнна да Божай Міласэрнасці. Ахвяраванні, сабраныя падчас адарацыі Крыжа Пана, прызначаюцца на патрэбы касцёла Гробу Пана ў Святой Зямлі.
- У Вялікую Суботу 4 красавіка а 8:00 – Ютрань і Гадзіна Чытанняў. На працягу ўсяго дня – адарацыя Езуса ў грабніцы. Благаслаўленне страваў на велікодны стол будзе адбывацца з 10:00 па 16:00 кожныя паўгадзіны. Падчас бласлаўлення будзе магчымасць падзяліцца фарбаванымі яйкамі, кулічамі, цукеркамі, якія будуць прызначаныя для жыхароў дома-інтэрнату i аддзялення сястрынскага дагляду. Валанцеры з удзячнасцю перададуць святочныя пачастункі, каб падзяліцца з імі пасхальнай радасцю.
- На Пасхальную Вігілію, якая з’яўляецца “маці ўсіх літургій” запрашаем вечарам а 23:00, яна закончыцца рэзурэкцыйнай працэсіяй вакол касцёла. Тыя, хто ўдзельнічае ў Пасхальнай Вігіліі, могуць прынесці стравы для асвячэння на начную літургію, будзем іх асвячаць непасрэдна пасля рэзурэкцыйнай працэсіі. Памятаем, што трэба ўзяць з сабою таксама свечкі для аднаўлення абяцанняў хросту.
- У Нядзелю Уваскрасення Пана – Святая Імша будзе толькі а 12:00! Святой Імшы вечарам не будзе! Вечарам запрашаем на Нешпары, якія будзем цэлебраваць а 17:00 гадзіне.
5. У днях 19-21 красавіка 2026 г. браты капуцыны і Францішканскі Ордэн Свецкіх вельмі сардэчна запрашаюць дарослых людзей і сем'і на дні духоўнага аднаўлення ў Баранавічах. Выходныя з Францішкам - гэта магчымасць сустрэцца з сабой, Богам і другім чалавекам, чэрпаючы натхненне з досведу святога Францішка Асізскага. Запісацца на ўдзел можна запоўніўшы маленькую анкету тут. Па ўсіх пытаннях адносна ўдзелу можна звяртацца па тэлефоне +375299481906 - брат Вадзім Войцік. Памер ахвяравання за ўдзел з улікам начлегаў і пасілкаў - 100 руб. Месца: г. Баранавічы, вул. Шаўчэнкі 6 (Дом айцоў вербістаў).
6. Запрашаем наведаць нашу парафіяльную краму, дзе можна набыць Святое Пісанне, Біблію для дзетак і біблійныя размалёўкі, духоўную літаратуру, часопісы, абразы, малітоўнікі, капуцынскі бальзам і каву і інш.


Карысныя спасылкі:
- Прапануем прамую трансляцыю нядзельнай Св. Імшы а 10:00 гадзіне на нашым YouTube канале. Каб нас знайсці, трэба шукаць: "Парафія св.Казіміра Касцёл св.Піо ў Маладзечне".
- Раім паглядзець альбо паслухаць: Радыё Марыя
- Па якім прынцыпе выбіраюцца хросныя.