V Нядзеля Вялікага Посту, Год А 22 сакавіка 2026 г.
1. Шчыры дзякуй вам за кожную малітву, ахвяру і дапамогу на карысць касцёла і кляштара. Асаблівая падзяка тым, хто на мінулым тыдні прыбіраў у касцёле. За кожнае дабро няхай узнагародзіць вас Пан Езус і святы наш айцец Францішак.
2. У нашай парафіі працягваюцца велікапосныя рэкалекцыі. Шчыра дзякуем а. Ануфрыю Альховіку, які сваёй паслугай дапамагае нам глыбока і змястоўна перажыць гэты святы час.
3. На гэтым тыдні нас чакаюць наступныя падзеі:
- У сераду 25 сакавіка — урачыстасць Звеставання Пана. Гэта ўрачыстасць не з’яўляецца абавязковай: вернікі не маюць абавязку удзелу ў Святой Імшы, а таксама абавязку ўстрымання ад выканання неабавязковай працы. Расклад Святых Імшаў у нашым касцёле ў гэты дзень наступны: 6.45, 8.00 і 18.00. Ад гэтай урачыстасці пачынаецца т.зв. “Духоўнае ўсынаўленне” - малітва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае аборт, і за яго бацькоў.
- У чацвер 26 сакавіка запрашаем дарослых мужчын на сустрэчу, дзе зможам разам у мужчынскай кампаніі паразважаць над важнымі справамі нашай штодзённасці, напр. як будаваць камунікацыю з Богам і блізкім чалавекам. Пачатак сустрэчы а 19.00 у касцёле.
- У пятніцу 27 сакавіка пасля вячэрняй святой Імшы адбудзецца “вечар канфесіяналаў” – гэта добрая магчымасць без спеху прыступіць да сакрамэнту споведзі не адкладваючы на Вялікі тыдзень. Мы з братамі будзем спавядаць да апошняга пэнітэнта.
- У суботу 28 сакавіка а 10.00 ўсіх парафіянаў запрашаем прыняць удзел у талацэ, каб навесці вясеннія парадкі на тэрыторыі нашага касцёла.
4. На працягу бліжэйшых двух тыдняў будзем наведваць хворых нашай парафіі з удзяленнем святых сакрамэнтаў перад святам Вялікадня. На мінулым тыдні мы стараліся патэлефанаваць усім, хто ёсць у нашым спісе. Калі ёсць новыя асобы, альбо тыя, каму не патэлефанавалі, а патрабуе такой паслугі – можна запісацца ў сакрыстыі.
5. Праз тыдзень у Пальмовую нядзелю пачынаем перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — пасхальную таямніцу Смерці і Ўваскрасення Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем адбываецца ўрачысты ўваход на пачатак Святой Імшы, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў. Гэта могуць быць таксама галінкі вярбы (адсюль Вербная нядзеля) або аліўкавых дрэваў. Перад кожнай нядзельнай Святой Імшой можна будзе набыць вербы зробленыя нашымі супольнасцямі.
6. Дзякуй шчыры ўсім, хто ўжо прыняў удзел у акцыі "Велікапосныя міласціна", ёсць яшчэ магчымасць да яе далучыцца, прыносячы прадукты харчавання і сродкі гігіены для патрабуючых да нашай скрыначкі. Пры выхадзе з касцёла можам таксама пабачыць скабонку, прызначаную для збору сродкаў на пасхальныя ўпрыгожванні і кветкі, што будуць стаяць пры дэкарацыі гробу Пана. Дзякуем за кожную ахвяру і падтрымку.
7. У днях 19-21 красавіка 2026 г. браты капуцыны і Францішканскі Ордэн Свецкіх вельмі сардэчна запрашаюць дарослых людзей і сем'і на дні духоўнага аднаўлення ў Баранавічах. Выходныя з Францішкам - гэта магчымасць сустрэцца з сабой, Богам і другім чалавекам, чэрпаючы натхненне з досведу святога Францішка Асізскага. Запісацца на ўдзел можна запоўніўшы маленькую анкету тут. Па ўсіх пытаннях адносна ўдзелу можна звяртацца па тэлефоне +375299481906 - брат Вадзім Войцік. Памер ахвяравання за ўдзел з улікам начлегаў і пасілкаў - 100 руб. Месца: г. Баранавічы, вул. Шаўчэнкі 6 (Дом айцоў вербістаў).
8. Запрашаем наведаць нашу парафіяльную краму, дзе можна набыць Святое Пісанне, Біблію для дзетак і біблійныя размалёўкі, духоўную літаратуру, часопісы, абразы, малітоўнікі, капуцынскі бальзам і каву і інш.


Карысныя спасылкі:
- Прапануем прамую трансляцыю нядзельнай Св. Імшы а 10:00 гадзіне на нашым YouTube канале. Каб нас знайсці, трэба шукаць: "Парафія св.Казіміра Касцёл св.Піо ў Маладзечне".
- Раім паглядзець альбо паслухаць: Радыё Марыя
- Па якім прынцыпе выбіраюцца хросныя.