Skip to main content

30 лістапада, пятніца. Свята св. Андрэя, Апостала

Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 4, 18–22

Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім.

А калі пайшоў адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата ягонага, якія ў чаўне з бацькам іхнім Зэбэдэем правілі свае сеткі. І Ён паклікаў іх. Яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго, і пайшлі за Ім.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус кліча вучняў перш за ўсё для таго, каб былі з Ім. Хрыстос, падобным чынам, як клікаў вучняў ля возера, так і сёння запрашае цябе ісці за Ім. Збаўца мудра заўважае і паважае нашыя здольнасці і навыкі. Менавіта на іх, гэта значыць на нашай прыродзе Ён прагне будаваць сваё Валадарства. Пакліканне заўсёды накіравана на канкрэтную асобу. Першы элемент - гэта тое, што Езус заўважае, Ён нас ведае кожнага і кліча па імені. Езус звяртаецца да вучняў, каб яны са свайго боку адважыліся пайсці за Ім. Ён гаворыць: “Я зраблю вас лаўцамі людзей”. Каб адкрыць сваё пакліканне, варта крочыць праз жыццё за Езусам сэрцам пры Сэрцы. Вучні пайшлі неадкладна, можна ў гэтым заўважыць першынство Божай волі. Гэта Бог дае ласку адпаведную для канкрэтнага паклікання. Справа паклікання і выканання Божай волі дастаткова патрабавальная. Бог заўсёды паважае волю чалавека і застаецца цярплівым. Пакліканне трэба разумець не толькі да святарства ці ў ордэн. Сёння патрэбны людзі розных станаў, якія былі б сведкамі любові, якія з пакліканнем выконвалі б розныя прафесіі і служэнні.

Ці веру я, што Езус кліча мяне кожны дзень? Калі ўжо рэалізую сваё пакліканне, то застаюся я па-ранейшаму адкрыты на словы: “ідзі за мною?”

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 835