Skip to main content

29 лістапада, чацвер

Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 21, 20–28

Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. Тады ўсе, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць з яго, і хто ў вёсках, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. Гора ж цяжарным і кормячым ў тыя дні, бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў. 

І будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Евангелле паказвае складаны час, з якім кожнаму з нас давядзецца сутыкнуцца-прыгнёт, пакуты і асабісты апакаліпсіс. Аднак словы Езуса напоўненыя надзеяй для нас. Хрыстос гаворыць, што часы язычнікаў скончацца. Гэта азначае, што пакуты і прыгнёт не вечныя, яны маюць свае межы. Узнятая галава, або інакш пазіцыя гатоўнасці і ўпэўненасці ў сабе і чакання. Узнятая галава гэта знак вызвалення ад ярма, якім з’яўляецца страх, каб ён ўжо больш не прыгнятаў мяне да зямлі. Гэта таксама пастава чуйнасці, падобным чынам, як вучні, якія стаяць і ўглядаюцца ў неба. Гэта таксама падобным чынам, як тая жанчына, якая васемнаццаць год была зняволеная духам бяссілля (Лк 13, 11-14). Аздараўленне, дадзенае Езусам, стала вызваляючым і спрычынілася да таго, што яна выпрасталася, каб дзякаваць і праслаўляць Бога. Падобным чынам і для нас, як кажам ў вызнанні веры, чаканне прыйсця Езуса становіцца нагодай для радаснай, поўнай праслаўлення і благаславёнай сустрэчы. Якія ў маім жыцці чаканні? Што ўва мне становіцца прычынай паралізуючага страху, які не дазваляе мне ўзнесці галаву, разбівае ўсякія мае добрыя ідэі і запал да ўзрастання? Ці чакаю з радасцю майго збаўленя?  

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 747