Skip to main content

25 лістапада, нядзеля. Урачыстасць Хрыста Валадара сусвету

Ты кажаш, што Я Кароль

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 18, 33b–37

Ты кажаш, што Я Кароль 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі? 

Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? 

Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?

Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль.

Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль?

Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Пілат, дапрошваючы Езуса, быццам не давярае і пытаецца: “Ты Кароль юдэйскі?”. Ці ж так выглядае кароль? Асмяяны, звязаны, у цярновай кароне. Пілат не можа Езуса зразумець, бо сам не жыве ў праўдзе (“Што такое праўда?”). Будуць слухаць, але не пачуюць. Аднаго толькі слухання не дастаткова. Неабходна пачуць слова-праўду, гэта значыць сэрцам прыняць Праўду, якой з’яўляецца Езус. “Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас”. Праўда дазваляе пачуць голас Езуса. Жыццё ў праўдзе пра сябе і пра іншых дазваляе пачуць голас Бога ў сэрцы. Гэта Праўда, якой з’яўляецца Езус вызваляе нас з няволі. Хрыстос сваёй пазіцыяй вучыць і сведчыць, што праўда не мусіць нічога крычаць, змагацца ці прымяняць сілу. Сама яе прысутнасць вядзе да перамогі, да Бога. Не дастаткова ўсклікаць слоганы, што Езус - Кароль. Сёння нам неабходна жыццём  паказваць Езуса, Які валадарыць ува мне. Валадаранне, паводле Божай логікі, да нічога не змушае, а прадугледжвае свабоду. Менавіта дзеля гэтага Езус прыйшоў у свет, каб да гэтай свабоды нас вызваліць, вярнуць нам удзел у Яго славе.

Варта задумацца над пытаннем, які голас я сёння слухаю, чаго баюся ў той праўдзе пра Бога, пра сябе і пра іншых? Усядомлю сабе, што жыццё Евангеллем у штодзённасці - гэта жыццё ў праўдзе.

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 1019