17 лістапада, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго.
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне.
І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх.
Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Гэта слова Пана.
Ёсць вельмі шмат такіх сужэнстваў, якія ўжо многа дзесяцігоддзяў жывуць не «як у казцы». Яны сварацца, але любяць адно другога вельмі канкрэтнымі рашэннямі і ўчынкамі. Яны ўжо пераадолелі той парог, калі застаешся з чалавекам толькі пры ўмове, што з ім камфортна. Каханне ўжо даўно ператварылася ў любоў і не перастае развівацца да яшчэ вышэйшых узроўняў. Наогул, як кажа св. Павел, усё праходзіць і распадаецца ў гэтым свеце, апроч сапраўднай любові (1Кар 13, 1-13). Таму і сужэнства ўсё жыццё развіваецца з перспектывай пэўнай вяршыні – вечнай любові ў Богу. Вось пра гэтую перспектыву сёння ўзгадвае Хрыстос у размове з садукеямі.
“Тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам”. Ажаніцца ці выйсці замуж – гэта ступіць на шлях развіцця любові ад прымітыўнейшых яе формаў да больш дасканалых. Складана сказаць, ці праходзяць якісьці шлях развіцця ў любові бесцялесныя разумныя духі – анёлы. Але ведаем, што яны ўжо няспынна сузіраюць аблічча Бога ў небе (Мц 18, 10). Гэта значыць, дасягнулі той вяршыні, якую людзі праходзяць сваім, спецыфічным спосабам. Ясна адно: любоў і чалавека, і анёла канчаткова спаўняецца ў сузіранні Бога. Гэта калі ўсе пачуцці і прагненні скіраваныя на Бога і ў Ім цалкам наталяюцца.
З гэтай будучай перспектывы становіцца зразумелым, чаму ў Касцёле такой пашанай карыстаецца кансэкраванае жыццё – выключнае скіраванне душы і цела чалавека на Бога. Манаства - гэта знак будучага жыцця вечнага, будучай бясконцай любові. Таму сужэнствы і манаскія супольнасці - гэта розныя шляхі ў адным напрамку. Сужэнствы, каб памятаць, у якім кірунку можа развівацца іх любоў, могуць глянуць на сведчанне сваіх кансэкраваных братоў і сясцёр. І наадварот: манахам і манахіням неабходнае сведчанне няпростага шляху сужонкаў, каб памяталі, дзеля Каго яны жывуць сваімі абяцаннямі.
Для сужонкаў: Ці памятаю пра абяцанні, дадзеныя мужу/жонцы ў дзень шлюбу? Ці аднаўляю сваю вернасць мужу/жонцы на пэўных этапах супольнага жыцця?
Для кансэкраваных: Наколькі старанна я спаўняю ў Касцёле місію сведчання аб будучым жыцці? Ці падтрымліваю сваім манаскім жыццём сужэнствы ў іх радасцях і цяжкасцях?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.
- Праглядаў: 739