15 лістапада, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Валадарства Божае ёсць унутры вас
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Фарысеі спыталіся ў Езуса, калі прыйдзе Валадарства Божае. І Ён адказаў ім: Не прыйдзе Валадарства Божае прыкметна, і не скажуць: вось тут, — або: там. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас.
Сказаў таксама вучням: Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце. І скажуць вам: вось там, — або: вось тут, — але вы не ідзіце і не ганіцеся. Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень. Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем.
Гэта слова Пана.
Для габрэяў ужо ў часы Езуса вельмі жывой і актуальнай тэмай было чаканне прыходу Месіі абяцанага Богам і ўсталявання Валадарства Божага. Як і з любым абяцаннем, чалавеку хочацца канкрэтных арыенціраў у часе. Так спакайней чакаецца спаўнення абяцання. Хрыстос дае такія знакі-арыеціры Валадарства і сваім сучаснікам, і тым, хто будзе жыць пасля Ягонай Пасхі, гэта значыць нам.
Фарысеям Ён кажа: “Валадарства Божае ёсць унутры вас”. Маецца на ўвазе не тое, што Валадарства гэтае з’яўляецца выключна якімсьці імглістым пачуццём “у сэрцы”. Яно Выражаецца ў канкрэтных знаках зямной дзейнасці Хрыста. Адзін з перакладаў Евангелля паводле св. Лукі гэты сказ так і перадае: “Валадарства Божае сярод вас”. Вучні Яна Хрысціцеля пачулі ад Езуса падобны адказ: “Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна” (Мц 11, 4). Усё гэта азначае, што Хрыстос ўжо зараз ажыццяўляе валадаранне Бога над усімі тымі з’явамі, якія сталі для чалавека горам. Але не ўсе заўважылі ў гэтых з’явах знак пачатку Божага Валадарства.
Хоць Хрыстос ужо ўсталяваў сваё Валадаранне над светам, аднак яно яшчэ не ажыццявілася ва ўсёй паўнаце. Мы зараз жывем ў адну з эпох паміж першым і другім Яго прыйсцем. Для другога прыйсця будуць яшчэ таксама іншыя знакі, абсалютна відавочныя. Ніхто не зможа ўжо сказаць, што нібыта яны яго не пераконваюць.
Ці не зводзіцца маё духоўнае жыццё выключна да сентыментальных пачуццяў “ў сэрцы”? Ці заўважаю канкрэтныя знакі Божага Валадарання ў маім асабістым жыцці ўжо сёння?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.
- Праглядаў: 1009