13 лістапада, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў: Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае?
І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Гэта слова Пана.
Слова “слуга” (або ў іншых перакладах Евангелля “раб”) асацыюецца з такім чалавекам, які ў доме ва ўсім займае пазіцыю ніжэйшую чым гаспадар. Безумоўна, слуга, які доўга і сумленна служыў, часта карыстаўся такой пашанай гаспадароў, што станавіўся фактычна членам іх сям’і. Аднак гэта не азначае, што ён мог злоўжываць гэтай пашанай. Напрыклад дазволіць сабе на панібрацтва з гаспадаром. Таму пасыл гэтай прыпавесці Хрыста не супярэчыць іншаму фрагменту Евангелля, дзе Ён кажа: “Я ўжо не называю вас слугамі” (гл. Ян 15, 12-17). Таксама нашае служэнне якойсьці Божай справе павінна быць нагодай для радасці, але не для такога самаўзвышэння, як быццам бы мы поўнасцю самі ажыцяўлялі вялікія рэчы.
Служэнне такому добраму і вялікаму Пану не прыніжае чалавека. Наадварот, гэта з’яўляецца вялікім гонарам і магчымасцю супрацоўнічаць з Богам у справе няспыннага тварэння праўды, дабра і хараства свету. Адзін французскі святар расказвае пра сваё дзяцінства. “Калі мой бацька служыў у войску, маці пісала яму лісты. Скончыўшы пісаць, яна брала маю руку і вадзіла ёй па паперы - атрымлівалася некалькі слоў. Тата, будучы здалёк ад хаты, беражліва захоўваў тыя лісты. Сёння я святар, і калі-нікалі мяне ахопліваюць сумненні ў карыснасці таго, чым я займаюся. Але тады я ўзгадваю, як ў дзяцінстве я пісаў лісты бацьку. Думаю, што сёння я раблю тое ж самае. Божая ласка трымае мяне за руку, і тады тое, што я пішу, прыносіць радасць Айцу”.
Ці ў выніку шматгадовага прабывання ў Касцёле не губляю я пачуцця Божай велічы і святасці? Колькі ўва мне пакоры і ўдзячнасці за дабро, якое Бог здзейсніў пра мяне?
Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1004