Skip to main content

11 лістапада, 32 нядзеля звычайнага перыяду

Гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 12, 41–44

Гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Часамі здаецца, што дазволіць сабе быць шчодрым можна толькі пры ўмове, што ўдосталь маеш чым дзяліцца. Аднак з назіранняў Езуса за ахвярадаўцамі ля скарбонкі ў святыні вынікае, што шчодрасць залежыць ад смеласці сэрца а не ад таўшчыні кашалька. Багацеі сваімі ахвярамі разлічвалі не столькі выразіць адданасць Богу, колькі купіць сабе захапленне з боку людзей. У адрозненні ад іх, удава адзначаецца смеласцю і гатоўнасцю аддаць усё што мае. Такое магчыма толькі калі ведаеш, што па-сапраўднаму багатым робіць толькі Бог. Вядома ж, датычыць гэта не толькі майстэрства распараджацца малымі ці вялікімі грашамі, але і іншымі, нематэрыяльнымі дабротамі. Гэта сур’ёзны выклік як для бедных, так і для багатых.

Чалавек, працуючы цэлы тыдзень, ў нядзелю часамі прыходзіць да высновы, што вось сёння адзіны дзень, калі можна зрабіць нейкія хатнія справы, паехаць да родных ці нават звычайным чынам адпачыць. А тут трэба гэтым кароткім днём падзяліцца з Богам - пайсці ў на Імшу, больш чым ў буднія дні памаліцца. Таму часта прыходзіць спакуса, што шкада гэтага, хоць невялікага, але каштоўнага часу. Многія нават перакананыя, што ў касцёл наогул могуць хадзіць толькі тыя, каму няма чаго рабіць, чагосьці “больш важнага”.

Вось і бедная ўдава магла прызначыць свае мізэрныя грошы на “больш важныя”, а можа нават неабходныя рэчы. Аднак той факт, што яна апошнія грошы кідае ў скарбонку, сведчыць пра тое, што яна не пабаялася Божым справам прысвоіць статус патрэбаў першай неабходнасці. Бо тут яна атрымлівае жыццё і сэнс, якія не залежаць ад матэрыяльнага дастатку ці добрай рэпутацыі ў людзей.

Ці гатовы я аддаць у Божае распараджэнне ўсе матэрыяльныя і духоўныя даброты, якімі валодаю? Ці не выкарыстоўваю я даброты дзеля самаўзвышэння? Ці дастаткова ў мяне даверу да Божага провіду, каб дзяліцца з тымі, хто ў патрэбе?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 686