Skip to main content

10 лістапада, субота

Калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 16, 9–15

Калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Казаў Езус сваім вучням: Здабывайце сяброў сабе несправядівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.

Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?

Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. 
Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.

І сказаў ім: Вы з’яўляецеся тымі, хто апраўдвае сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо, што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Праблема карыстання дабротамі, асабліва матэрыяльнымі, ад самага пачатку была ў Касцёле і на працягу гісторыі вярталася ў розных кантэкстах. У старажытнасці жыццё Касцёла было наладжана такім чынам, што ахвяраванні на патрэбы бедных былі часамі нават большыя, чым дзесяціна ад даходаў. Практыка гэтая была абумоўлена не толькі вялікай колькасцю бедных, але і пэўнай педагогікай адносін з Богам, адзіным карміцелем і забаўцам. Вядома, не ўсе хрысціяне дзяліліся з лёгкасцю і вялікадушнасцю. Магчыма, што евангеліст Лука прыпавесць пра несправядлівага эканома (Лк 16, 1-8) таму і ўзгадвае разам з яе тлумачэннем, што яна павінна стаць падтрымкай, для тых братоў, якім цяжка давалася карыстанне нават невялікімі каштоўнасцямі.

Адзін з першых крокаў на шляху хрысціянскага ўтаямнічання - гэта вырачэнне былых ідалаў. Датычыць гэта не толькі вырачэння якіхсьці язычніцкіх бостваў, але і адыход на разумную дыстанцыю ад тых рэчаў, якія катэхумен (кандыдат на хрысціяніна) лічыў раней надзейнай жыццёвай апорай, а можа нават і крыніцай жыцця. Паколькі матэрыяльныя каштоўнасці ў многіх людзей граюць ролю збаўцы і ахоўніка, то менавіта грошы для іх становяцца свайго роду богам, пад служэнне якому і ўладкоўваюць сваё жыццё. Вядома ж, для хрысціяніна гэта непрымальна - “не можаце служыць Богу і мамоне”. Толькі Бог годны пакланення і поўнага даверу, бо толькі Ён ёсць Збаўца і крыніца ўсякага жыцця.

Як вядома, Хрыстос і ягоныя апосталы не выракліся матэрыяльных дабротаў, яны проста правільна імі карысталіся (апроч Юды Іскарыёта). У многіх месцах Евангелля гучаць перасцярогі, што грошы могуць быць толькі і выключна іструментам для ажыцяўлення добрых спраў, напоўненых любоўю да Бога і да чалавека. Ніколі ўзбагачэнне не павінна для хрысціяніна станавіцца мэтай самой для сябе. Інкаш гэта становіцца вяртаннем у ідаласлужэнне, нібы “сабака вяртаецца да сваіх ванітаў, а вымытая свіння - у брудную лужыну” (2П 2, 22; Прып 26, 11)

Ці не адварочваюць маю ўвагу ад Бога якіясьці “ідалы”? Колькі ўва мне шчырай вялікадушнасці ў распараджэнні каштоўнасцямі? Ці заробак не становіцца для мяне найбольш рашаючым фактарам ва ўладкаванні жыцця? Ці не станаўлюся я вызнаўцам культу спажывецтва?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 947