6 лістапада, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ідзі на дарогі і загарадзі і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Адзін з тых, хто ўзляжаў з Езусам, сказаў Яму: Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым.
А Ён сказаў яму: Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. І калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова. І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца. Першы сказаў яму: Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне. Другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне. Іншы сказаў: Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці.
Вярнуўшыся, слуга той расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слузе свайму: Ідзі хутчэй на плошчы і на вуліцы гарадоў і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых. І сказаў слуга: Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца. Гаспадар сказаў слузе: Ідзі на дарогі і загарадзі і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой. Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры.
Гэта слова Пана.
Езус размаўляе за сталом з фарысеямі. Адзін з гасцей падзяліўся, што гэтае застолле асацыюецца ў яго з будучым застоллем - пасля прыходу Месіі. Ён кажа: “Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым”. У гэтых словах выражалася з аднаго боку чаканне шчаслівай будучыні, а з іншага перакананне, што фарысеі, ў адрозненні ад розных маргіналаў, абавязкова зоймуць месца за сталом з Месіяй ў будучым Валадарстве Божым. Яны ж не бачылі Месію ў Езусе і не ведалі, што насамрэч “ужо ўсё гатова”. Хрыстос прыйшоў і запрашае ў такое Валадарства, якое непрымальна для большасці фарысеяў. На сваёй Вячэры Хрыстос хоча бачыць за адным сталом ўчарашняга мытніка з фарысеем, язычніка з юдэем, беднага з багатым і грэшніка з праведнікам.
Сёння таксама даводзіцца чуць розныя апраўданні, чаму чалавек не прымае запрашэнне ўвайсці ў Касцёл. Апраўданні гэтыя гучаць па-рознаму, часамі досыць забаўна. Адно з найбольш распаўсюджаных, апраўданне такога кшталту: “у Касцёле столькі граху, і столькі яўных грэшнікаў, што мне з гэтай канторай не па дарозе”. Так яны і чакаюць “ідэальнага Касцёла”, які б падыходзіў іхнім фарысейскім стандартам, ў той час як Хрыстос збірае ўсякіх “ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых” і ўтварае з іх Новы Ізраэль - святы каталіцкі і апосталькі Касцёл.
Ці не нашу ў сэрцы фарысейскае пачуццё вышэйшасці? Ці не абурае мяне, што Хрыстос так міласэрна ставіцца да грэшнікаў? Ці мой уласны грэх не стрымлівае мяне ад пошуку свайго месца ў Касцёле? Колькі ўва мне ўдзячнасці Богу за запрашэнне ў Касцёл?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 746