2 лістапада, пятніца. Успамін усіх памерлых вернікаў.
ЕВАНГЕЛЛЕ
У доме Айца Майго шмат святліц
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.
Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?
Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.
Гэта слова Пана.
Лк 23, 44-46. 50. 52-53. 24,1‐6a
Цемра ахінула зямлю, сонца зацямнілася. Хрыстос - доўгачаканы Збаўца, страшэнна скатаваны, памёр на крыжы і быў пакладзены ў магілу. Усё павінна было адбыцца зусім інакш, у радасці, свабодзе і шчасці. Але што цяпер? Смерць і боль. Ужо нічога не зменіцца. Чарговае расчараванне і пахаванне надзеі. Канец. Усё насуперак планам і светлым чаканням.
Але нават пасля такой ночы, ня гледзячы ні на што, настаў дзень. На досвітку, жанчыны, несучы падрыхтаваныя для намашчэння цела Езуса пахучыя алеі, прыйшлі да магілы. Яны ішлі рашуча, каб ажыцявіць свой план, хоць і ведалі, што ўваход у грабніцу засланяе вялізны камень, які самі адсунуць не змогуць. Аднак ішлі ўзмоцненыя сілай любові да Пана. Яны таксама, прыйшоўшы, знайшлі ўсё не згодна з планам. Больш за тое, яны ўбачылі, што камень ужо адсунуты, а цела Езуса няма ў грабніцы. А яшчэ два мужчыны гаварылі пра ўваскрасенне. Гэта ўжо перавышала ўсякае ўяўленне.
Ва ўсім тым, што змрочнае, балючае і незразумелае Пан мае свой план. Толькі Ён можа са смерці вывесці світанак Уваскрасення. Толькі Ён можа вывесці цябе са ступару і летаргіі і ўдыхнуць жыццё туды, дзе пануе смерць і згішчэнне. Бог з’яўляецца Майстрам рэчаў немагчымых. Бог ёсць Богам жыцця. Верыш у гэта? Калі пакажаш Езусу сваю рану, смерць, Ён удыхне туды сваё жыццё. Ён вылечыць і напіша проста на крывых лініях твайго жыцця. Ён сапраўды памёр і ўваскрос, каб ты жыў.
Ці ведаеш, што адбірае ад цябе жыццё? Што гэта за камяні, якія не даюць табе жыць у поўні? Як ты рэагуеш, калі штосці адбываецца інакш, чым ты планаваў? Ці дапытваешся, што Бог табе гаворыць ў гэтых падзеях? Ці прагнеш, каб Езус перамяняў тваё жыццё?
С. Агнешка Марыя Пільская, капуцынка НСЕ, Польшча
- Праглядаў: 811