30 кастрычніка, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вырасла зерне і стала вялікім дрэвам
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў: Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у садзе сваім. І вырасла яно, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галлі ягоным.
І зноў сказаў: З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж ўсё скісла.
Гэта слова Пана.
Жыццё сучасных хрысціян, як і ўсіх людзей складаецца з мноства падзей і сустрэч, радасных і сумных перажыванняў, набыткаў і страт. Сярод гэтай разнастайнасці, вера для многіх становіцца ўсяго толькі эпізодам, прычым далёка не самым значным. Вера, з яе рэлігійнымі практыкамі, часта становіцца пэўнай перыферычнай з’явай сярод імкненняў чалавека да шчасця, быццам некалькі грамаў прыправы сярод шматлікіх інгрыдыентаў у сноўнай страве.
Езус прапануе зусім іншы падыход да веры і яе развіцця, якое акрэслівае як рост Валадарства Нябеснага. У евангельскіх метафарах бачым як маленькае гарчычнае зерне, становіцца найбольшым дрэвам у садзе, а закваска мяняе ўсе тры меры мукі ў цесце. Пры нармальным развіцці вера толькі пачаткова з’яўляецца ў жыцці чалавека чымсьці маленькім і слабым. Калі ж яна па-сапраўднаму ўзрастае, становіцца ўжо не дадаткам да жыцця, а самім жыццём. І гэта не якісьці рэлігійны фанатызм, а нармальны здаровы працэс, калі чалавек зыходзячы з меркаванняў веры штораз больш вызначае жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці. Веруючы чалавек намагаецца так уладкаваць сабе жыццё, каб яно станавілася штораз больш спрыяльнай прасторай зносін з Богам.
Ці не паддаюся я спакусе выцясніць справы Божага Валадарства кудысьці на ўскраіны свайго жыцця? Наколькі мае зносіны з Богам развіваюцца? Як мая вера ўплывае на мой светапогляд, на фарміаванне іерархіі каштоўнасцяў, на выбар спадарожнікаў жыцця?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 735