28 кастрычніка, 30 нядзеля звыч. Перыяду
ЕВАНГЕЛЛЕ
Настаўнік, каб я зноў бачыў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.
Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.
Езус спыніўся і сказаў: Паклічце яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: Смялей, уставай, Ён кліча цябе. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса.
І адказваючы яму, Езус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб я зноў бачыў. Езус сказаў яму: Ідзі, вера твая вылечыла цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Гэта слова Пана.
Прыглядзімся, з кім з дзеючых асобаў сённяшняга Евангелля мы атаясамліваемся ? Можа са сляпым Барымэем, які самотна сядзіць пры дарозе і жабруе? А можа з кімсьці з натоўпу? З кімсьці ананімным ў натоўпе, хто суцішае Бартымэя, каб замоўк і не выхіляўся? Кожная з гэтых постацяў у большай ці меншай ступені жыве ў нас, толькі ў розны час і з рознай інтэнсіўнасцю.
Жабрак - гэта сімвал нашага жыцця. Мы таксама жабруем, часта несвядома выпрошваем любоў, прыняцце і ўсё, што ратуе нас ад адзіноты. Ананімны натоўп, які ідзе за Езусам суцішае крыкі Бартымэя. Але ўжо праз хвіліну гэты ж натоўп загадвае яму смела ўставаць і вядзе яго да Езуса. Аднак Езус аздараўляе не натоўп, а сустракае канкрэтнага чалавека. Ён чуе ягоны кліч і пытаецца: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Пытанне досыць дзіўнае, бо чаго ж можа хацець сляпы чалавек? “Настаўнік, каб я зноў бачыў” - гучыць адказ. Езус ведае, што яму патрэбна, але хоча пачуць яго поўнасцю. Падобным чынам адбываецца і з намі. Бог добра ведае нас, але хоча, каб мы заглядалі ў сваё сэрца і называлі свае патрэбы і прагненні. Бог хоча нас пачуць.
Вяртанне зроку датычыць аднак пэўнай глыбіні. Яно датычыць не толькі звычайнага, вонкавага бачання, але таксама распазнавання, ацэньвання і здзяйснення выбараў. Асноўным крытэрыем гледжання па-евангельску заўсёды з’яўляецца любоў. Любоў, якая бачыць сябе ў аднясенні да Бога і іншага чалавека.
Што я хачу, каб Хрыстос ўчыніў мне? Ці веру я, што Езус зацікаўлены маімі справамі? Які ўплыў на мае адносіны з Езусам аказвае меркаванне людзей? Што з’яўляецца асноўным крытэрыем маіх штодзённых выбараў?
С. Магдалена Сіткоўская, капуцынка НСЕ, Польшча
- Праглядаў: 737