23 кастрычніка, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Шчаслівыя слугі, якіх пан прыйшоўшы знойдзе ў чуванні
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.
Гэта слова Пана.
Напэўна многім даводзілася бачыць звонку або нават непасрэдна ўдзельнічаць у такой камічнай сцэне, калі брыгада працаўнікоў у пустую топчацца на аб’екце. Яны кожныя пяць хвілін робяць “перакур”, пляткараць і ляніва п’юць каву. А тут раптам пад’язджае машына шэфа і ўсе пачынаюць працаваць па-сапраўднаму, або прынамсі сімуляваць працу. Разумны шэф па выніках працы і збянтэжанасці працаўнікоў бачыць, што яны зусім не рады ягонаму прыбыццю менавіта зараз.
Штосьці падобнае можа адбывацца і з нашым хрысціянскім жыццём. З аднаго боку верым, што кніга Апакаліпсіса гэта не проста літаратурны вымысел, на кожнай Імшы паўтараем “чакаем Твайго прыйсця ў хвале”. З іншага ж боку неяк бяспечна спадзяемся, што Хрыстос вернецца яшчэ не хутка. Нават больш - быццам у тых абібокаў-працаўнікоў, у глыбіні сэрца можа з’явіцца жаданне накшталт “лепш бы Ён зусім не прыйшоў”.
Сённяшняя прыпавесць Хрыста паказвае, што слуга аднак можа шчыра чакаць вяртання свайго гаспадара. Гэта не толькі таму, што чакае доўга і гэта ўжо надакучыла. Слуга ведае, што гаспадар вернецца з вяселля поўны радасці. Але тое, што ён зрабіў вярнуўшыся, перавысіла ўсе чаканні. Гаспадар сам накрывае для слугаў стол і робіць ім банкет, каб маглі ўдзельнічаць ў той радасці, якую і сам меў у сабе.
Гэтай прыпавесцю Хрыстос прагне і нам прывіць такую надзею ў чаканні Яго вяртання, як у першых хрысціян, якія шчыра ўсклікалі “Марана-та - прыйдзі, Пане Езу!” (1Кар 16,22; Ап 22,20). Для іх відавочна, што калі Хрыстос вернецца, гэта будзе радасць, якая чымсьці нагадвае вясельнае застолле, апісанае ў канцы Кнігі Апакаліпсіса.
Гэта не бяда, калі мы ў жыцці чагосьці не паспеем завяршыць да вяртання Хрыста. Важна, каб калі прыйдзе, Ён застаў нас не спалоханымі Яго вяртання, а ў шчырым чаканні сустрэчы з Ім.
Якія пачуцці выклікае ўва мне перспектыва другога прыйсця Хрыста? Што б я хацеў яшчэ паспець завяршыць ў сваім жыцці перад тым, як непасрэдна сустрэнуся з Езусам? Што я хацеў бы сказаць Яму на прывітанне?
Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 972