Skip to main content

22 кастрычніка, панядзелак

Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 12, 13–21

Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Нехта з натоўпу сказаў Езусу: Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай. Але Езус адказаў яму: Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?

Пры гэтым сказаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці. 

І расказаў ім прыпавесць: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам у сабе: Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой. І сказаў: Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся. Але Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў? Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Дзяленне спадчыны ці якісьці іншы маёмасны канфлікт для многіх становіцца сур’ёзным выпрабаваннем. У асабліва складаных выпадках чалавеку часамі нават здаецца, што даводзіцца выбіраць паміж маёмасцю і адносінамі са сваякамі. Па розных прычынах не заўсёды магчыма падзяліць маёмасць так, каб усе засталіся задаволенымі. У такіх выпадках можна, вядома, адваяваць у брата маёмасць, але страціць самога брата. А можна дабравольна адмовіцца дзеля большага багацця - згоды ў сям’і.

Страшна чалавеку выбраць гэты апошні варыянт тады, калі ён глыбока перакананы, нібыта жыццё ягонае залежыць выключна ад колькасці маёмасці, якой павінен завалодаць. Хрыстос называе гэта прагнасцю. Гэта пэўная хвароба душы, якую распазнаць можна па вельмі канкрэтных сімптомах. Сквапны чалавек у справу ўзбагачэння інвестуе фактычна ўсё сваё жыццё - час, здароўе, адпачынак, спакой душы, адносіны з блізкімі і нават веру ў Бога. Хрыстос асцерагае, што гэта крайне недальнабачная інвестыцыя. Пра гэта ідзе гаворка ў прыпавеці пра наіўнага багацея, ў якога раптоўная смерць забрала тое, што ён так цаніў. “Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее”.

Гэта не праўда, што на той свет нічога з сабой не забярэш. Аказваецца, ёсць такія даброты, якія не губляюць сваю каштоўнасць нават пасля нашай смерці. Хтосьці мудры сказаў, што Бог на судзе не будзе пытацца, наколькі вялікі дом ты здолеў пабудаваць, а спытаецца, колькі людзей ты ў ім прыняў. Евангелле выхоўвае нас, каб станавіліся па-сапраўднаму багатымі людьмі, якія перад Богам багацеюць. Такі чалавек, адыходзячы, бярэ з сабой удзячнасць сваякоў і чужых. Яшчэ больш, чалавек такі на працягу жыцця і для Бога становіцца “сваім”, і Бог прымае яго як “свайго”.

Выбіраючы, з кім сябраваць або чым заняцца, ці не кіруюся я выключна асабістай выгадай? Калі б гэтай жа ноччу давялося памерці, ці меў бы я што забраць з сабой?

 Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 868