Skip to main content

20 кастрычніка, субота

Сын Чалавечы перад анёламі Божымі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 12, 8–12

Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Кожны, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад анёламі Божымі. Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана. Калі вас прывядуць у сінагогі, і да кіраўнікоў, і да ўлады, не турбуйцеся, як або што адказваць, ці што гаварыць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У кожнага этапу жыцця чалавека ці нейкай справы ёсць сваё ўвянчанне. Сам этап з’яўляецца свайго роду падрыхтоўкай да ўвянчання. Ну вось напрыклад: семестр і экзамен, сезон трэніровак і спаборніцтвы, перыяд заручын і сужэнства, фармацыя ў семінарыі і святарства. Жыццёвы вопыт паказвае, што поспех такога ўвянчання ў значнай ступені залежыць ад стараннасці падрыхтоўкі.

“А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад анёламі Божымі”. Гучыць жорстка, але на працягу трох год Хрыстос рыхтаваў сваіх вучняў да “апошняга экзамену” такім чынам, што даваў ім мноства любові і ўвагі. Большасць вучняў добра ведалі, чаму яны да Яго настолькі прывязаныя. Вось прынамсі некалькі прыкладаў: мытніка Закхея Езус зняў са смакоўніцы і даў яму пашану, якой ніхто іншы яму не даваў, чужаложную жанчыну выратаваў ад каменавання, Яіру ўваскрасіў дачку. У кожнага была свая гісторыя з Езусам, проста Евангелісты не пра ўсіх напісалі.

Тым не менш ў далейшых раздзелах Евангелля чытаем, што перад смерцю Езус застаецца амаль поўнацю адзін, бо большасць апосталаў і вучняў ўсё ж такі спалохаліся і паўцякалі. Яны фактычна адракліся ад Яго. Пазней была Пасха і Пяцідзесятніца. Усе, акрамя Юды Іскарыёта, вярнуліся да Хрыста, каб ўжо застацца вернымі назаўсёды, нягледзячы на ганенні і забойствы.

Паўстае пытанне: а што я? Ці не адракуся я ад Хрыста, калі будзе небяспечна і вельмі страшна? Можа і адракуся. Але ці вярнуся? Гэта напэўна залежыць яшчэ ад таго, хто Ён для мяне на гэтым сённяшнім этапе. Калі Ён проста персанаж старых касцёльных легендаў, то хутчэй за ўсё не буду я за Яго паміраць. Але калі Езус для мяне ўжо стаў родным, то як жа я магу ад Яго адрачыся?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 880