18 кастрычніка, чацвер. Свята св. Лукі, Евангеліста
ЕВАНГЕЛЛЕ
Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае.
Гэта слова Пана.
Хтосьці мудры сказаў, што добры настаўнік ніколі не перастае быць вучнем. Св. Лука Евангеліст доўга вучыўся, глядзеў і слухаў. Найперш ён вывучаў медыцыну і стаў лекарам. Потым спадарожнічаў ў місійных падарожжах Апосталам, асабліва Паўлу. Быў таксама ў жыцці Лукі такі перыяд, калі св. Павел апынуўся на два гады ў турме ў Цэзарэі Палестынскай. Тады ў св. Лукі было дастаткова часу, каб слухаць сведкаў жыцця і дзейнасці Хрыста. У той час жыў яшчэ св. Пётр, св. Якуб Старэйшы і была яшчэ на зямлі Найсвяцейшая Панна Марыя. Таму ад іх Лука зачэрпнуў унікальныя сведчанні, якіх няма ў іншых версіях Евангелля.
Св. Лука, будучы лекарам, валодаў таксама пэўнай каштоўнай рысай, дзякуючы якой і мы сёння можам убачыць Хрыста як найлепшага Лекара. Проста Лука меў чулае сэрца да людзей хворых. Ён ведаў, што такое чалавечая роспач, ведаў, што значыць апошняя або адзіная надзея на Бога. Таму ў вобразе Хрыста, які бачым у Евангеллі паводле Лукі, столькі міласэрнасці і спагадлівасці да чалавека з яго пакутамі.
Такім чынам Святы Лука Евангеліст стаў вельмі добрым настаўнікам, і цяпер многаму можа навучыць таксама нас. Па-першае, наша адукацыя і вопыт, якія б вялікія яны не былі, ніколі не ўчыняць нас усемагутнымі. Існуе пэўная мяжа, за якой дапамагчы можа толькі Бог. Па-другое, нават калі здавалася б, не давялося сустрэць Хрыста асабіста, вернае слуханне Марыі і іншых сведкаў адкрые нам Ягоны вобраз ва ўсёй красе.
Ці дастаткова ў мяне пакоры, каб я навучаючы іншых, сам няспынна вучыўся? Ці даручаю раны сваёй душы аздараўляльнаму ўздзеянню Евангелля, споведзі і Святой Камуніі? Наколькі часта звяртаюся да Маці Божай з просьбай аб дапамозе ў сустрэчы з Яе Сынам?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 1095