Skip to main content

16 кастрычніка, аўторак

Давайце лепш міласціну, тады ўсё будзе ў вас чыстае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 11, 37–41

Давайце лепш міласціну, тады ўсё будзе ў вас чыстае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус гаварыў, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. Ён прыйшоў і ўзлёг за сталом. Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам. 

Але Пан сказаў яму: Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубкі і місы, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю. Неразумныя, ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры? Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

З малых гадоў бацькі вучылі нас, што есці трэба чыстымі рукамі. Для сучасных людзей, якія досыць добра ведаюць пра згубнае дзеянне шкодных бактэрый, гэта чыста практычная справа. Але ў старажытнасці людзі не думалі пра абмыццё рук ў такіх пераважна гігіенічных катэгорыях. Рытуальная чыстасць была важным фактарам перадусім ў пытанні вернасці ці нявернасці Богу і Ягоным запаведзям. Таму фарысеі жэст Езуса разглядалі як нявернасць Божаму закону, што і выклікала іх абурэнне.

Хрыстос рэагуе на гэтае абурэнне характэрным для Яго спосабам - перакіроўвае ўвагу на штосьці іншае, больш істотнае. Ён гаворыць пра нячыстасць нутра чалавека, гэта значыць нячыстасць душы, бо гэта нашмат больш небяспечна, чым нячыстасць рук. “Нутро вашае перапоўненае драпежнасцю і злосцю”. Евангеліст Лука, які па адукацыі быў лекарам, прапаведуючы сярод язычнікаў, бачыў ў іх тую ж духоўную хваробу, якую Збаўца раней лячыў ў фарысеях. Таму і лек Лука прапісвае той самы, які прымяніў Хрыстос да фарысеяў - міласцінай лечыцца драпежнасць і злосць чалавечага нутра. “Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае”. Варта заўважыць, што міласціну гэтую даваць трэба нават не столькі з кашалька, колькі з нутра, ад душы. Асабліва калі драпежнае і злоснае сэрца ў кагосьці спачывае ў кашальку.

Ці не трапляю я ў свайго роду рэлігійны легалізм, старанна прытрымліваючыся вонкавай рэлігійнасці і не задумваючыся над кандыцыяй свайго нутра? Ці практыкую міласціну, як сродак перамянення майго сэрца? Якую міласціну я даю людзям вакол мяне, толькі матэрыяльную, ці таксама ад душы?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 898