Skip to main content

14 кастрычніка, 28 нядзеля звыч. перыяду

Прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 10, 17–27

Прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?

Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці. 

А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй.

Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.

А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае. 

А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?

Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Якая розніца ў што верыць? Галоўнае, каб чалавек паводзіў сябе прыстойна?” Такое вельмі спрошчанае, а можа нават і прымітыўнае жыццёвае крэда вельмі прываблівае сучаснага чалавека. Таму сярод нас нямала людзей, якія высока цэняць маральна-этычныя прынцыпы хрысціянства, застаючыся адначасова далёкімі ад іх Крыніцы - Бога, які рэальна існуе. Складана ім пагадзіцца, што Бог - гэта жывая асоба, што Ён запрашае ўвайсці з Ім ў блізкія зносіны. Адзін чалавек выразіў сваю думку нават так: “Запаведзі - гэта добра і прыгожа, але верыць, што існуе нейкі добры бог - гэта ўстарэлыя забабоны”.

Сёння ў Евангеллі чуем пра чалавека, які з вялікай пашанай ставіцца да Божага закону, якому навучае Езус. Таму ён называе Езуса “Настаўнікам добрым”. Хрыстос аднак адразу ж перакіроўвае яго ўвагу з вялікай каштоўнасці, якую той ўжо цэніць, на каштоўнасць найвялікшую, якой яшчэ не заўважае - “Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог”. Чалавек гэты ідзе ў правільным кірунку, але прайшоў толькі палову дарогі. Ён ўжо разумее, што слова Хрыста поўнае мудрасці і дабра, што яно вартае не толькі ўвагі, але і ажыцяўлення. Але з іншага боку адчувае, што патрэбна яшчэ штосьці больш, чым проста высакародная этыка. Таму Хрыстос дае яму асаблівае пакліканне - “Тады прыходзь і ідзі за Мною”. Гэта запрашэнне да таго, каб сярод мноства дабротаў выбраць найвышэйшае Дабро, якім ёсць сам Бог. На жаль, хоць Настаўніка ён і бачыць як добрага, аднак не хапіла пераканання, што Ён найлепшы.

Святы Францішак Асізскі, як і мноства іншых хрысціян, не затрымаўся ў палове гэтай дарогі. Ён самога Бога ўзлюбіў нават больш, чым ягоныя Запаведзі. Ён увайшоў у дыялог не з дактрынай, не з этыкай, а з жывой асобай Бога, Які аб’яўляецца ў Хрысце. З гэтага дыялогу і нарадзілася францішкава праслаўленне: “Усемагутны, найсвяцейшы, найвышэйшы і найвялікшы Божа, усякае дабро, найвялікшае дабро, поўнае дабро, які сам добры, Табе прагнем аддаваць усякую хвалу, усякую славу, усякую ўдзячнасць, усякі гонар і благаслаўленне, і ўсякія даброты”.

Ці не затрымаўся я ў сваім хрысціянскім жыцці толькі на этапе пашаны да Божага закону, дактрыны, маральных нормаў? Ці ўваходжу ў асабістыя зносіны з жывым Богам дзякуючы слуханню Ягонага слова, супольнасці з баратамі, малітве і святым Сакрамэнтам?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 639