13 кастрычніка, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус прамаўляў да народа, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!
А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.
Гэта слова Пана.
Калі Закон не апраўдвае перад Богам, то навошта ён увогуле ўстаноўлены? Для Паўла адказ дастаткова ясны: Закон дадзены з-за правінаў (Гал 3,19). Закон, прагнучы стрымаць грэх, рабіў яго насамрэч відавочным, усведамляў яго і такім чынам, чалавек станавіўся адказным за свае ўчынкі. Чалавек бачыў сваю грэшнасць і разумеў, што з усімі сваімі намаганнямі ён не можа выканаць Закон, г. зн. жыць справядліва і без граху. Гэта і пабуджала ў габрэях надзею на прыйсце Мессіі - Збаўцы. Гэтую надзею на працягу доўгай гісторыі выражалі шматлікія прарокі, а на пачатку прадбачыў і сам Абрагам (Ян 8,56). Калі б Закон быў здольны даваць жыццё, то апраўданне паходзіла б з Закону, што супярэчыла б Божаму абяццанню - збавіць ўсіх дзякуючы свайму Памазанніку (Іс. 25,6-9; Дан. 9, 24-27).
Такім чынам праз усведамленне грахоў і ўласнай адказнасці за іх, Закон выконваў ролю выхаваўцы, які ўзмацняў чаканне спаўнення гэтых абяццанняў, што і сталася з прыходам Езуса Хрыста. Таму з прыходам Хрыстом Закон завяршае сваю ролю, бо ўжо не выкананне 613 габрэйскіх наказаў ачышчаюць нас з граху, а сам Езус сваёй ахвярай на крыжы, якую Дух Святы робіць рэчаіснай кожны раз, калі мы супольна цэлебруем сакрамэнты, першым з якіх з’яўляецца Хрост.
Калі сам Езус апраўдвае мяне перад Богам праз свае сакрамэнты, ці азначае гэта, што я магу рабіць усё, што мне ўздумаецца? Наколькі словы і ўчынкі Езуса становяцца для мяне Законам свабоды?
Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 661