11 кастрычніка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Прасіце, і будзе дадзена вам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.
І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.
Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго.
Гэта слова Пана.
Прыпавесць пра сябра, якую Езус расказвае сваім вучням, пасля таго, як навучыў іх малітве “Ойча наш”, з’яўляецца часткай катэхезы аб малітве скіраванай да Айца. Гэтая прыпавесць пераконвае, што малітва будзе выслухана.
Як відавочным з’яўляецца тое, што сябра з той ці іншай прычыны ўстане з ложка, так відавочным ёсць тое, што Бог-Айцец пачуе малітву таго, хто да Яго звяртаецца. Але, ў гэтым выпадку, паўстае іншае пытанне, на якое Езус адказвае ў сваёй катэхезе: калі гэта праўда, што Пан чуе малітву, чаму чалавек не атрымлівае тое, аб чым просіць? Настаўнік адказвае, што Бог заўсёды выслухоўвае нашыя малітвы, але сваім спецыфічным спосабам. Параўнанне, якое робіць Збаўца, каб растлумачыць гэта, здзіўляе нас сваёй прастатой і жыццёвасцю: чалавек – гэта як дзіця, якое часта не ведае, што просіць, а Пан – гэта тата, які не заўсёды дае свайму сыну тое, што той хацеў бы атрымаць, але тое, што сапраўды будзе для яго карысным. Аднак, Створца ніколі не адмаўляе сваім дзецям дару Духа Святога (Лк 11,13).
Калі апошні раз я дзякаваў Богу за атрыманыя дары? Ці бачу я Божыя доброты ў сваім жыцці?
Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 902