Skip to main content

10 кастрычніка, серада

Пане, навучы нас маліцца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 11, 1–4

Пане, навучы нас маліцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў маліцца, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў. 

Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:
Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Старым Запавеце сустракаем слова “айцец”, дзе яно прымяняецца ў адносінах да Бога. Напрыклад: Айцец, які стварыў нас (Дрг 32,6; Мал 2,10), Айцец абранага народу (Зых 4,22), Айцец караля Ізраэля (2 Сам 7,14), Айцец і Абаронца сіротаў і ўдоваў (Пс 68[67], 6). Але ў той час ніхто не мог мог назваць Бога Айцом у адносінах да самога сябе, бо святасць Створцы ўсяго сусвету настолькі перавышала чалавека, што пры спатканні з Ім тварам у твар, чалавек павінен быў памерці (Суд 13,22; Зых 33,20). Нікому не дазвалялася таксама вымаўляць Святое Імя Божае (YAHWÉH), за выключэннем святароў  падчас вялікіх урачыстасцяў.

На працягу вякоў габрэі стваралі дадатковыя запаведзі, якія падкрэслівалі недасягальную святасць Бога і вялікую грэшнасць чалавека. Але Езус Хрыстус, праз сваё ўцелаўленне, смерць і змёртвыхпаўстанне, ачысціў нас ад граху і ўсяго, што аддаляла нас ад нашага Створцы, даў нам годнасць быць дзецьмі Божымі, якія могуць бачыць твар Пана і без боязі звяртацца да Яго “Тата”.

У дадатак, ведаючы нашую слабасць, і тое, што мы жывем яшчэ ў межах зямнога часу, Пан Бог штодзённа дае нам Духа свайго Святога, які робіць рэчаіснай ахвяру і заслугі Езуса Хрыста кожны раз, калі мы удзельнічаем у сакрамэнтах. Такім чынам, нават калі хтосьці з Ягоных дзяцей згубіць альбо адкіне дадзеную Ім годнасць, то будзе мець магчымасць вярнуцца да крыніцы гэтай ласкі (Лк 15, 11-32).

Чым ёсць мая вера:  жывымі адносінамі з Міласэрным Айцом, ці толькі  выкананнем традыцый?

Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 790