3 кастрычніка, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.
А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.
Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.
Гэта слова Пана.
У літаратуры і ў звычайнай побытавай гаворцы часамі выкарыстоўваецца прыём, які называецца гіпербала. Простая думка выражаецца з дапамогай вобразу больш яскавага і эмацыйнага, чым літаральнае апісанне. Вось і Хрыстос у дарозе са сваімі вучнямі прыводзіць тры падобныя вобразы – пра прыстанішча, пра пахаванне мёртвых і пра руку на плузе. Калі прыслухацца больш глыбока, можна заўважыць, што вобразы гэтыя выражаюць штосьці нашмат больш, чым іх літаральнае гучанне.
“Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву”. Ведаем, што насамрэч Езус многа разоў гасціў ў сваіх сяброў у Бэтаніі, у доме Сымона Пятра, ў Закхея і напэўна ў многіх іншых добразычлівых людзей. Аднак не было ў яго пастаяннага месца. Іншай гіпербалай можна сказаць, што Ён “жыў на чамаданах”. Чыста па-чалавечы, гэта досыць не камфортна, але адначасова сітуацыі гэтыя былі нагодамі пераконвацца, што Айцец Нябесны кожны дзень і ў кожным месцы няспынна клапоціцца пра Яго.
“Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае”. У гэтым сказе Хрыстос не запярэчвае абавязак клапаціцца пра бацькоў ажно да смерці, а расстаўляе прыярытэты, дзе Божыя справы ў жыцці адданага вучня з цягам часу становяцца найважнейшымі сярод важных.
“Хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”. Хто кіраваў плугам або прынамсі бачыў гэты працэс, той ведае, што справа гэтая патрабуе засяроджанасці. Інакш баразна можа атрымацца крывой, плуг можа занадта глыбока зарыецца ў глебу або наадварот, яго выб’е на паверхню. Не атрымаецца добра і пераканаўча абвяшчаць Божае Валадарства калі ўвесь час азірацца на менш важныя справы, такія як сваё мінулае ці ўласныя абмежаванні.
Усе гэтыя вобразы ўпісаны ў своеасаблівую педагогіку Хрыста. Ён фарміруе са сваіх вучняў людзей з асаблівым характарам, якія могуць поўнасцю даверыць Богу свой лёс і свабодна крочыць наперад.
Якое месца ў маім жыцці сярод ўсіх каштоўнасцяў займае справа Божага Валадарства? Ці гатовы я, калі патрэбна, пераглядзець сваю іерархію каштоўнасцяў?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 930