Skip to main content

2 кастрычніка, аўторак

Бог – Суддзя справядлівы

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 18, 1–5. 10

Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. 

Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сутыкаючыся з якойсьці бядой у сваім жыцці, многія людзі ўзгадваюць праўду веры: “Бог – Суддзя справядлівы: за добрае ўзнагароджвае, а за злое карае”. Моцна спрошчанае разуменне гэтай праўды можа прывесці да высновы, нібыта ўсе беды ў нашым жыцці гэта Божая помста. Аднак жэст Езуса, пра які чуем ў сённяшнім Евангеллі, значна расшырае разуменне Божай справядлівасці. Хрыстос адчувае ў сваіх вучнях прагненне адпомсціць самаранам за грэх непрыняцця. “Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім”. Насамрэч нічога новага - Хрыстос дзейнічае ў тыпова Божым стылі. “Я не прагну смерці грэшніка, а толькі таго, каб грэшнік звярнуў са шляху свайго і жыў” (Эзх 33, 11). Езус яшчэ не аднойчы вернецца ў Самарыю, і прыйдзе Ён зусім не з помстай, а са словам аздараўлення.

Схільнасць помсціць за крыўды досыць трывала ўпісана ў зраненую першародным грахом душу чалавека. Можа таму так лёгка многія і Бога падазраюць ў гэтай чалавечай схільнасці. Помсціць і праклінаць першасна ўмее кожны чалавек, гэтаму не трэба вучыцца. Але ад гэтага можна і варта адвучыцца. Часамі гэта доўгі працэс, аднак ідучы за Хрыстом, не хаваючыся ад Яго ў тыя моманты, калі “паварочваецца” да нас у сваім слове, можам і мы пранікнуцца гэтым тыпова Божым стаўленнем да ворага.

Ці прыбягаю да Божага слова ў тыя моманты, калі зведваю на сабе якуюсці бяду ці крыўду? Колькі ўва мне чалавечай, а колькі Божай справядлівасці?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 830