19 верасня, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі; мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Пан сказаў: З кім параўнаю людзей роду гэтага? Да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і клічуць адно аднаго, кажучы: Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі; мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі.
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: Гэты чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. Але апраўдана мудрасць ўсімі дзецьмі сваімі.
Гэта слова Пана.
Сёння Евангелле паказвае крывадушнасць тых, хто не хоча паверыць у Езуса як Сына Божага, а таксама ў Яна Хрысціцеля.
Сучасны чалавек лічыць уласную асобу дасканалай і вельмі часта не можа вызначыць сваё прызначэнне на зямлі. “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі, мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі.” Вялікі дар ад Бога - цешыцца са шчаслівымі і плакаць з тымі, якія пакутуюць, адэкватна адчуваць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях. “Я не ведаю як, але не так…” Вельмі часта мы шукаем сотні прычын, каб не ісці за Езусам, каб не прымаць удзел у яго выратавальнай місіі. Прасцей знайсці прычыну каб “не”, чым магчымасць, каб “так”. Чалавек супакойвае сумленне тым, што спасцігаць вучэнне Езуса Хрыста будзе пазней: “калі будзе час”, “калі не буду хадзіць на працу” і кожны раз знаходзіцца новая прычына. А Езус чакае… Езус спачувае ў цярпенні і цешыцца ў радасці разам з намі.
Ці заўседы мае пастановы ў адносіне да ўласных грахоў былі выкананы? Ці магу я з гонарам сказаць: “Я веру ў місію Езуса, Сына Божага!”? Ці чую я сэрцам запрашэнне Езуса да выканання яго заданняў?
Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 939