Skip to main content

25 жніўня, субота

Гавораць і не робяць

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 23, 1–12

Гавораць і не робяць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх такімі словамі:

Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «pаббі».

Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Нас, каталікоў і праваслаўных іншаверцы і хрысціяне іншых веравызнанняў часамі папракаюць, што нібыта запярэчваем Евангеллю, калі называем сваіх святароў “айцец”, “бацюшка” ці “ойчанька”. Няўжо Хрыстос сапраўды забараняў надзяляць падобнымі тытуламі тых, хто насамрэч з’яўляюцца для нас братамі? З іншага боку вельмі верагодна, што сам Езус называе бацькам св. Юзафа (Лк 2,33.48) а таксама пацвярджае даўнюю запаведзь “Шануй бацьку свайго і маці” (Мц 15,4; 19,19, Мк 7,10).

Настаўнік – гэта той, хто перадае нам веды. Айцец (або інкш па-беларуску “бацька”) – толькі той, хто якімсьці чынам перадае нам фізічнае або духоўнае жыццё. Кіраўнік – гэта той, хто служыць нам, усталёўваючы парадак у якойсьці грамадскасці. Аднак тытуламі гэтымі любілі ганарыцца многія кніжнікі і фарысеі. Але замест перадаваць здабытыя веды пра Бога, яны на паказ выхваляліся сваёй вучонасцю. Замест нараджаць людзей да духоўнага жыцця, накладалі на плечы людзей непасільныя ношы юрыдычных прадпісанняў. Замест мудра паказваць шлях да дабра, давалі людзям прыклад крывадушнасці і пагарджалі імі (Ян 7,49).

Кожны зямны настаўнік, айцец ці кіраўнік застаецца верным свайму пакліканню толькі пры ўмове, што веды, жыццё ці мудрасць чэрпае з Бога. Бо толькі Бог з’яўляецца Першакрыніцай гэтых дабротаў. Калі ж хтосьці навучае толькі ўласнаму вучэнню, становіцца самазванцам і не варта называць яго гэтымі аўтарытэтнымі тытуламі.

Колькі ўва мне пашаны і ўдзячнасці да маіх педагогаў, бацькоў і кіраўнікоў? Ці чэрпаю неабходныя для выканання свайго паклікання даброты ад Бога?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 773