4 ліпеня, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць дэманаў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус прыплыў на другі бераг у краіну гадарынскую, сустрэлі Яго двое апантаных, якія выйшлі з магілаў, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. І вось яны закрычалі: Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць нас.
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. І дэманы прасілі Яго, кажучы: Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней. І сказаў ім: Ідзіце. Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. І вось кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апантаных. І вось горад увесь выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
Гэта слова Пана.
Езус на працягу сваёй дзейнасці не аднойчы паказваў, што лёс д’ябла ўжо вырашаны. Да часу другога прыйсця Хрыста нам яшчэ даводзіцца змагацца з ворагам за нашу свабоду. Аднак сённяшні фрагмент таксама не пакідае ніякіх сумненняў, што хоць час канчатковага звязання дэмнаў яшчэ не настаў, прыйдзе час, калі яны будуць на заўсёды скінуты ў пекала падобным чынам, як статак свіней патануў у водах Галілейскага Мора.
Павучальным для нас можа быць стаўленне да Езуса і Яго дзейнасці з боку жыхароў гэтага горада. Яны бачаць здаровымі, адэкватнымі людзьмі тых, якія яшчэ ўчора палохалі ўсіх сваёй лютасцю. Гэта азначае, што цяпер давядзецца іх знову неяк прыняць іх у сваё грамдства. Верагодна, што гэта было не проста і для саміх вызваленых, і для іх суседзяў. А яшчэ вядома, што загінуў статак свіней. Для язычнікаў, якія спажывалі свініну, гэта было сур’ёзным матэрыяльным уронам. Беручы пад увагу гэтыя акалічнасці, гараджане палічылі Езуса парушальнікам таго ладу жыцця, да якога былі прызвычаеныя – апантаных ізаляваць, свіней есці. Таму просяць Яго, каб пакінуў іхнюю тэрыторыю, яны не хочуць, каб тут штосці змянялася. Такім чынам, камфорт і дастатак, замыкае іх ва ўласным свеце, не дазваляе вучыцца спачуваць гаротным братам і пазнаць яшчэ большую дабрыню Айца Нябеснага, якую Езус мог бы ім аб’явіць.
Ці дастаткова дазваляю Божаму слову і Сакрамэнтам экзарцызмаваць мяне і прастору майго жыцця? Ці не замыкаюся я на Бога, ў страху перад зменамі, якія можа ўнесці ў маё жыццё? Ці не цаню ўласны камфорт і дабрабыт больш за любоў да бліжніх і да Бога?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 788