3 ліпеня, аўторак. Свята святога Тамаша, Апостала
ЕВАНГЕЛЛЕ
Пан мой і Бог мой!
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў.
Гэта слова Пана.
Для тых хрысціян, вера якіх ужо неяк сфарміравалася ў пэўную сістэму перакананняў, вызначыла перспектывы надзей і кірункі імкненняў, прыходзіць час ад часу жахлівы вопыт сумнення. Гэта імгненні або нават перыяды пачуцця пагрозы, што гэты мой ўтульны свет веры можа акзацца ілюзіяй. Але падобным чынам як вера чалавека веруючага можа падвергнуцца націску сумнення, так і нявера чалавека няверуючага часамі хістаецца пад націскам веры – “а што, калі Бог усё ж такі існуе?” (паводле: Ё. Рацынгер. “Уводзіны ў хрысціянства”)
Бывае, што мы, хрысціяне, досыць лёгка асуджаем няверуючых. Але прычыны няверы людзей бываюць розныя, далёка не заўсёды яны вынікаюць з упартасці ці самаўпэўненасці. Страх ад сумненняў ў няверы для іх, магчыма, не меншы, чым для нас страх ад сумнення ў веры. Як не дзіўна, гэты супольны экзістэнцыяльны вопыт можа стаць плоскасцю першай сустрэчы і дыялогу з няверуючым братам. Такая сустрэча можа найперш абудзіць сум па Богу, шчырае прагненне каб Ён быў, а далей і да веры ўжо не так далёка.
Хрыстос не асуджае сумненні Тамаша, не хавае ад Яго свае раны, а прапануе ўзмоцніцца дакрананнем. “Не будзь няверуючым, але веруючым” - гэта запрашэнне Езуса адпачыць нарэшце ў Яго адкрытых ранах, каб Ён уваскрос нават ў нашым стомленым пошукамі пазнанні.
Ці ёсць у мяне час для маіх няверуючых знаёмых ці сваякоў? Ці трываю ў слове Божым і Сакрамэнтах калі надыходзіць крызіс веры? Ці ёсць у мяне супольнасць або сябры, з якімі я магу дзяліцца верай?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 1594