Skip to main content

1 ліпеня, 13 нядзеля звычайнага перыяду

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 5, 21–24. 35b–43

Дзяўчына, табе кажу, устань!

Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ягоных ног і моцна просіць Яго, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

І прыходзяць ад кіраўніка сінагогі і кажуць: Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: Не бойся, толькі вер! І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыходзіць у дом кіраўніка сінагогі. І бачыць Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, бярэ з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўваходзіць туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: Таліта, кум! — што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Ці бывае такое, каб Бог не выслухаў чыіх-небудзь шчырых, поўных любові малітваў? Хтосьці, напрыклад, пакорна моліць аб здароўі для блізкага чалавека, а той усё ж такі памірае. Здаецца, што ўсе шансы страчаны. Прыходзіць спакуса накшталт: “Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка?” Чыста па-чалавечы, складаецца ўражанне нібыта Бог не пачуў просьбу, або яшчэ горш - пачуў, але не выканаў. Можна ж было хутчэй аздаравіць гэтае дзіця, з адлегласці, пакуль яшчэ жыло… Адказ Езуса на падобны боль гучыць: “Не бойся, толькі вер!” Гэта азначае, што для Бога нават смерць - не перашкода.

У выпадку Яіра, Хрыстос выканаў просьбу амаль што так, як той прасіў Яго – вярнуў дачушку да ранейшага жыцця. Аднак гэта не адзіны магчымы варыянт. Нашыя просьбы Бог можа споўніць не так, як Яго просім, а нашмат лепш. Ён можа нават замест часовага жыцця даць жыццё яшчэ паўнейшае, вечнае. Вядома, гэта цяжкі шлях праведнага Ёва, які нават калі страціў ўсё, Бога не страціў і ўсё роўна не перастаў благаславіць Яго (Ёў 1, 20-22).

Пакуль што складана бывае давяраць Езусу ажно так, але магчыма прыйдзе час, калі ўбачым сваё жыццё як быццам з вышні. Тады стане зразумела – Бог выбраў найлепшы варыянт і зрабіў ўсё лепш, чым можна было ўявіць.

Ці не затаіў я крыўду на Бога за “невыкананыя” просьбы? Ці застаюся з Богам, нават калі не атрымаў дакладна тое, што хацеў? Ці давяраюся я мудрасці Божага Провіду?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 890