Skip to main content

28 чэрвеня, чацвер

Дом, пабудаваны на скале, і дом, пабудаваны на пяску

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 7, 21–29

Дом, пабудаваны на скале, і дом, пабудаваны на пяску

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі? І тады абвяшчу ім: Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне. 

Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.

А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае.

Калі Езус скончыў гаварыць, дзівіліся людзі з вучэння Яго, бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Здараецца, што два розныя падрадчыкі будуюць аднолькавыя будынкі паводле аднаго праекту. У выніку і будынкі знешне выглядаюць аднолькава, аднак адзін дом паспяхова служыць жыльцам дзесяцігоддзямі, а ў другім трэшчыны ідуць па сценах пасля бліжэйшай зімы. Гэта не азначае, што вінаваты архітэктар, проста выканаўцы па рознаму ставіліся да прадугледжанай тэхналогіі. Вядома, адзін з ключавых фактараў - гэта якасць фундамента. Прычым нашмат прасцей зрабіць яго як належыць адразу, чым пазней шукаць нейкія інжынерныя рашэнні, каб ратаваць гатовы будынак.

Вось і будуючы грамадзкае ці сямейнае шчасце - адны людзі прытрымліваюцца Божага праекту і пэўнай “тэхналогіі”, а іншыя халтураць як-небудзь, або як ім на дадзены момант зручней. У сваіх учынках і словах Хрыстос паказвае нам досыць няпросты праект на чалавечае шчасце, але вельмі прыгожы і дабротны. Выкананне гэтага праекту Ён нават акрэсліў аднойчы выбарам “вузкай брамы” (Мф 7, 13-14), праціскацца праз якую бывае крайне складана. Надзейным фундаментам і гарантыяй вечнай трываласці нашага шчасця можа быць толькі выканне волі Айца нябеснага. Не дастаткова проста дэклараваць, што Бог у нашым жыцці з’яўляецца Госпадам і адначасова казаць, што Яго запаведзі несучасныя, што абмяжоўваюць свабоду і г. д.

Пакуль мы знаходзімся ў гэтым свеце, будуем. Нават калі штосці і не выйшла, яшчэ не позна распачаць будову на Божай скале, нават калі давядзецца дашчэнту зруйнаваць тое, на што ўпустую быў страчаны час. Патрэбна толькі творчая адвага і перакананне, што ўсё атрымаецца, бо праект вельмі добры.

Наколькі шчыра я вызнаю Бога сваім Госпадам? Ці давяраю я Евангельскаму вучэнню, якое Касцёл атрымаў ад Апосталаў? Ці гатовы я навяртацца, калі выкрываюцца ў маім жыцці грахі? Ці не паддаюся спакусе хуткіх і танных праектаў на сваё шчасце?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 830