Skip to main content

23 чэрвеня, субота

Ніхто не можа служыць двум гаспадарам

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 24–34

Не клапаціцеся аб заўтрашнім дні 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. 

Таму кажу вам: Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, а цела — за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не нашмат лепшыя за іх? Ды і хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць? І пра вопратку навошта клапоціцеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя! Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

«Калі б не Божы Провід» – такі загаловак даў сваім успамінам Айцец Рышарад Грабскі, капуцын, вязень сталінскіх лагераў. Узгадвае ён пра цяжкую працу, крайні голад, небывалы для нашых шырот холад, але перш за ўсё пра цэлебрацыю Літургіі, якая адбывалася ва ўмовах надзвычайнай скрытасці, бо за гэта можна было атрымаць кару смерці. Аднак многія, хто выжыў у тым пекле, на так званай  «нялюдскай зямлі», удзячныя за сваё ўратаванне Божаму Провіду, якому даверыліся. З мякіша хлеба, якога вечна не хапала, рабілі ружанцы, якія давалі ім сілу на вытрыванне.

На першым месцы Божая хвала і служэнне адзінаму Пану, які клапоціцца пра свае стварэнні, асабліва пра тых, хто Яму служыць. «Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі... Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам». Пераканаліся ў гэтым шматлікія вязні ГУЛАГаў, якія ўратаваліся, даручаючы сваё жыццё Божаму Провіду. На сённяшнія ж часы, калі чалавек часта схіляецца да служэння «мамоне» і недаацэнвае Божы закон, актуальнай застаецца перасцярога Захарыі, сына Ёада, які кажа:  «Навошта вы пераступаеце наказы Пана? Не будзе вам шчасціць, бо вы пакінулі Пана, і Ён пакіне вас».

Ці разлічваю я на Божы Провід сярод клопатаў свайго жыцця? Ці не імкнуся я любой цаной валодаць як мага большымі дабротамі, забываючыся пра Даўцу ўсякага дабра? Ці умею дзякаваць Богу за ўсякія даброты, якімі валодаю? Ці ўмею дзяліцца з найбольш патрабуючымі?

Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 828