Skip to main content

22 чэрвеня, пятніца

Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 19–23

Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё. 

Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё будзе дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра! 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі я быў дзіцём, то на самой справе ў мяне нічога не было свайго. Нават цацкі, якія мне давалі бацькі, не былі поўнасцю мае. Бацькі маглі сказаць: «А зараз дай пагуляць браціку ці сястрычцы». Каб здабыць новую цацку або нейкі ласунак, трэба было пераканаць бацькоў добрымі паводзінамі і паслухмянасцю. У дарослым узросце мы збіраем усякія даброты, лічачы іх безумоўнай уласнасцю. Заўважаем, як шматлікія людзі празмерна ўзбагачаюцца і, калі наступае час адыходу з гэтага свету, усё пакідаюць. А ці паклапаціўся чалавек пра скарб у вечнасці? А ці гэта магчыма? Пан Езус дае павучэнне: «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё». Таму шчаслівыя ўбогія духам. Матэрыяльныя даброты не з’яўляюцца для іх мэтаю самой па сабе, тоеснай з шчасцем, яны з’яўляюцца хутчэй інструментам для годнага, хрысціянскага жыцця. Таму ў адносінах да матэрыяльных рэчаў стараюся быць «убогімі духам». Калі ўмею дзяліцца з патрабуючымі, выконваючы пры гэтым міласэрныя ўчынкі для іх душы і для цела, тады я сапраўды «збіраю сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць».

Ці не засяроджваюся я празмерна на матэрыяльных дабротах, якімі валодаю? Ці ўмею дзяліцца з тымі, хто ў патрэбе? Ці клапачуся я толькі пра зямныя даброты, ці таксама пра тыя, якія гарантуюць жыццё вечнае?

 Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 709