21 чэрвеня, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Таму так маліцеся
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
Гэта слова Пана.
Столькі ў нашым жыцці патрэбаў. Столькі людзей просіць ў нас дапамогі. Становімся бяссільнымі. І ведаем, што толькі добры Айцец, каторы ёсць у небе, Ён найлепш ведае, што нам патрэбна. Таму кіруем нашыя просьбы да Яго, вышукоўваючы часта разнастайныя словы малітвы.
Чуем сёння, што сам Езус асцерагае: «Калі моліцеся, не гаварыце шмат… бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу…» Ён дае нам рэцэпт найпрыгжэйшай малітвы, якую ведаем з дзяцінства: «Ойча наш…» Малітва, якая нас ўзвышае да годнасці сына, які да Бога звяртаецца «Ойча». Найпрыгажэйшая малітва, якая захапіла вучняў Хрыста, які, адасобніўшыся, размаўляў са сваім Айцом. І тады прасілі: «Пане, навучы нас маліцца!» Пачулі ў адказ: «Таму так маліцеся: “Ойча наш…”» Гэта адначасова ўзор кожнай малітвы. Найперш, калі звяртаюся да Бога, трэба мне ўсвядоміць сабе, што гэта Ён мой найлепшы Айцец, каторы ёсць у небе. Ён сама святасць і Ён ведае мае патрэбы, але хоча, каб я звяртаўся да Яго – найперш па спаўненне Яго волі, потым – па выкананне маёй просьбы, але так, як я выконваю Ягоныя Запаведзі. Але важней за ўсё, каб з Яго дапамогай я дасягнуў збаўленне.
Ці ўсведамляю, што я – дзіця Бога, да Якога маю права звяртацца: «Абба, Ойча»? Ці ў маёй малітве безліч слоў не засланяе істотнага зместу, якім павінна быць Божая хвала і мая просьба, якую Ён ведае?
Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 821