7 чэрвеня, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.
І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Гэта слова Пана.
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі: каб мы любілі Цябе ўсім сэрцам (пар. Лк 10, 27), заўсёды пра Цябе раздумвалі, каб усёй душою Цябе заўсёды прагнулі і каб усім розумам да Цябе ўсе намеры нашыя накіроўвалі, ушанавання для Цябе ва ўсім шукаючы і ўсімі сіламі нашымі ўсе моцы нашыя і пачуцці душы і цела на падпарадкаванне Тваёй любові, а не на штосьці іншае прызначаючы; і ўзлюбім жа бліжніх нашых, як сябе самых (пар. Мц 22, 37. 39), да любові Тваёй усіх, наколькі здолеем, прывабліваючы, дабром іншых радуючыся, як сваім, і спачуваючы ў няшчасці, і нікому не даючы ніводнага спакушэння (пар. 2Кар 6, 3).
Святы Францішак Асізскі, Expositio in Pater noster 5.
- Праглядаў: 890