5 чэрвеня, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Не ёсць Богам мёртвых, але жывых
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі нечы брат памрэ і не пакіне жонцы дзяцей, яго брат павінен ўзяць ягоную жонку і аднавіць патомства для брата свайго. Было сем братоў. Першы ажаніўся і, памершы, не пакінуў патомства. Тады ажаніўся з ёю другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю.
Езус адказаў ім: Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? Бо, калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як Анёлы ў нябёсах. А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, дзе мова пра куст, як Бог прамаўляў да Яго, кажучы: Я — Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба. Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых. Таму вы моцна памыляецеся.
Гэта слова Пана.
Фарысеяў і прыхільнікаў Ірада насамрэч не цікавіць пазіцыя Езуса ў пытанні падатку ці нават Яго стаўленне да цэзара - гэта крывадушнае пытанне. Спадзяюцца, што Езус сваім адказам на гэтае правакацыйнае пытанне зойме становішча аднаго з варожых бакоў, падвяргаючыся ўдару іншага боку. Калі скажа плаціць цэзару – залічыць сябе да калабарантаў акупацыйнай улады і трапіць у няміласць да габрэяў. Калі ж скажа не плаціць – тады рымскія ўлады палічаць Яго небяспечным апазіцыянерам і заб’юць. Так ці інакш, ворагі разлічвалі, што Езус абавязкова трапіць калі не ў адну, дык у другую пастку. Аднак Бог бачыць любую крывадушнасць і сапраўдныя інтэнцыі любога пытання і любога ўчынку. Бог бачыць намеры нашага сэрца, бачыць, колькі там любові і шчырасці.
Плаціць ці не плаціць, або ці плаціць менавіта гэтаму «цэзару» – пытанні гэтыя, як бачым, усё ж такі другасныя, хоць і важныя. Асноўнае пытанне – чым з’яўляецца тое «Божае», якое належыць Богу? Калі на рымскім дынары адчаканены вобраз яго ўласніка – цэзара, то дзе ж адчаканены вобраз Бога? Што з’яўляецца Яго ўласнасцю? «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27). Гэта значыць, што чалавек на сабе носіць адлюстраванне Створцы. Таму Бог мае поўнае права на сваю ўласнасць. Нашае жыццё ў гэтым свеце даецца нам толькі на пэўны час, а потым трэба нам будзе вярнуць яго Ўласніку. Нашыя жыццёвыя рашэнні і канкрэтныя ўчынкі могуць яшчэ больш выразна падкрэсліць або знявечыць той вобраз. Шчаслівыя мы, калі апынецца ў апошні дзень, што мы не фальшывая манета, што Божы вобраз на нас вельмі выразны.
Наколькі адказна я стаўлюся да сваіх грамадзянскіх абавязкаў? Ці не шукаю апраўдання сваёй ляноце і скупасці адносна зямной Айчыны? Ці бачныя ў маіх словах і ўчынках рысы Божай дабрыні і міласэрнасці? Наколькі я берагу свой Божы вобраз і падабенства?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 767