4 чэрвеня, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Схапіўшы, забілі яго і выкінулі прэч з вінаградніку
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус пачаў гаварыць да першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын у прыпавесцях:
Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў давіла ў ім і пабудаваў вежу, аддаў яго вінаградарам і з’ехаў. А ў адпаведны час паслаў да вінагарадараў слугу, каб той ўзяў у вінаградараў частку ўраджаю вінаградніку. Але яны схапілі яго, збілі і адаслалі ні з чым. Ён зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму разбілі галаву і зняважылі. Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.
Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша. І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі прэч з вінаградніку.
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён пойдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Ад Пана сталася гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых.
І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. І, адпусіўшы Яго, адышлі.
Гэта слова Пана.
Пачынаючы ад эпохі асветніцтва і рэфармацыі, нашу еўрапейскую цывілізацыю перыядычна атакуюць розныя формы секулярызацыі (ад лац. saecularis – свецкі). Гэтая ідэалогія заўсёды перараджаецца ў крывавыя рэвалюцыі і бязбожныя таталітарызмы. Існуе пэўная заканамернасць: калі спрабаваць пабудаваць свет бязбожны, ён непазбежна становіцца і нялюдскім. Ідэалогія свецкасці рэалізавалася ў практыцы вельмі канкрэтнымі сродкамі: дыскрэдытацыя хрысціянскай асновы еўрапейскай цывілізацыі, выцясненне з грамадскага жыцця Божых законаў, вынішчэнне духавенства, рабаванне і канфіскацыя святыняў. «Хочам валодаць светам і быць валадарамі ўласнага жыцця без ніякіх абмежаванняў. Бог становіцца ў гэтым перашкодай. Там, дзе чалавек чыніць сябе самога адзіным уладаром свету і гаспадаром самога сябе, не можа быць справядлівасці. Можа там панаваць толькі самаволя і інтарэсы» (Бэнэдыкт XVI).
Прыпавесць Хрыста пра злых вінаградараў аказалася прарочай не толькі таму, што духоўныя і палітычныя старэйшыны Ізраэля намагаліся выкінуць Божага Сына прэч з жыцця Божага народу. У сучасным свеце таксама нямала такіх «аўтарытэтаў», якія цвердзяць, нібыта Бог тут не гаспадар. А тых, хто асмельваецца заявіць Божае права на створаныя Ім свет і чалавека, належыць назваць рэлігійнымі фанатыкамі і ліквідаваць з публічнай прасторы. Таму прыпавесць гэтая яшчэ рэалізуецца, але ведаем яе заканчэнне: «Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Ад Пана сталася гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых». Прыйдзе час, калі людскія законы не будуць пярэчыць Божым законам любові. Хрыстос Валадар Сусвету вернецца ў славе, і на гэты раз ужо ніхто не здолее Яго выгнаць ці забіць.
На якіх прынцыпах будуецца мая асабістая этыка? Хто з’яўляецца заканадаўцам майго асабістага жыцця: Бог ці выключна я сам? Ці ўзрастаю я ў такой мужнасці, каб, нягледзячы на небяспеку, абвясціць у сваёй душы і ў сваім асяроддзі, што Бог мае ўсе правы на гэты свет?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 702