3 чэрвеня, 9 нядзеля звычайнага перыяду
ЕВАНГЕЛЛЕ
Сын Чалавечы — гаспадар шабату
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?
Ён сказаў ім: Няўжо вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў разам з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?
І сказаў ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату.
Гэта слова Пана.
На пэўных этапах працы над нейкай вялікай справай засяроджваемся на дасягненні прамежкавых мэтаў, якія часам даюцца нялёгка. Але калі якісьці этап або цэласць ужо завершаныя, настае прыгожы момант затрымання. У такі момант можна паглядзець на сваё дасягненне і з радасцю сказаць: «Вельмі добра!»
У кнізе Быцця гаворыцца, што Бог, калі ствараў свет, перыядычна затрымліваўся, паглядаў на сваё стварэнне і бачыў, «што гэта добра» (Быц 1,1-2,3). Пазней бачым, як Бог вядзе за сабой Ізраэля з егіпецкай няволі праз пустыню і выпрабаванні. Уваход у Зямлю Абяцаную становіцца свайго роду спачынкам, святым днём радасці. Гэта свята завяршэння працэсу ператварэння рабоў у свабодны Божы народ. Вось вытокі і глыбінны сэнс святога дня «шабату», які так берагуць габрэі.
Вучні вандруюць за Езусам, Які ў гэтай дарозе быццам «стварае» іх сваім словам і прыкладам. У пэўны момант яны затрымліваюцца галодныя, пачынаюць зрываць каласы і есці. Фармальна, яны парушылі закон пра святы дзень, але калі ацаніць іх паводле вытокаў і першаснага сэнсу шабату, яны поўнасцю яго выканалі. У гэты момант яны сабраныя разам і знаходзяцца ў прысутнасці сапраўднага Бога – Езуса Хрыста. Ён глядзіць на сваё стварэнне і бачыць, «што гэта добра». Яны спачываюць у Ягонай прысутнасці, бо дзе Бог, там і Зямля Абяцаная.
Для нас, хрысціянаў, святым днём з’яўляецца нядзеля. Гэта дзень, калі Хрыстус, прайшоўшы праз мукі і смерць, запрашае нас затрымацца разам з Ім і глянуць на вялікую справу ўваскрасення. Гэта такі дзень сярод сямі, калі Бог асаблівым чынам хоча сабраць нас вакол Хрыста на Эўхарыстыі, каб глянуць з любоўю і ўбачыць, «што гэта добра». Таму мы прыходзім у нядзелю на Святую Імшу, дзе становімся ўдзельнікамі гэтага свята жыцця. Нават калі мы нічога і не робім у гэты дзень, але такая сустрэча не адбываецца, тады нядзеля пралятае ўпустую. І наадварот, калі нядзеля становіцца для нас асаблівай прасторай камуніі, дзе яднаемся з Богам і братамі, тады нават праца не парушыць гэты святы дзень. Няхай ніхто і нішто не крадзе ў нас гэты дар, і няхай нішто яго не замяняе.
Як я ўнутрана і вонкава рыхтуюся да нядзельнай Эўхарыстыі? Ці ўзгадваю цяжкасці і радасці пражытага тыдня, каб усё прынесці на алтар Пана? Наколькі дастойна і элегантна стараюся апрануцца, ідучы ў касцёл? Калі па сур’ёзнай прычыне не магу ўдзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі, ці чытаю тады Слова Божае, ці прысвячаю больш часу малітве?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 704