Skip to main content

27 мая, нядзеля. Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц  28, 16–20

Хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Часам паўстае пытанне: ці ўладу навучання атрымалі толькі Апосталы? Адказ гучыць: так, ім належыць місія аўтэнтычнага навучання. Гэтую місію да сённяшняга дня Хрыстовы Касцёл выконвае праз вызначаных біскупаў і святароў. Але ж і кожны з нас, праз сваю лучнасць з Містычным Целам Хрыста, абавязаны таксама абвяшчаць Евангелле.

Пан Езус гаворыць сёння выразна: «Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам». Прысутнасць Пана Бога ў нашым жыцці праяўляецца ў пэўным дыялогу, што вядзем унутры нашага сумлення, дзе чуваць Духа Святога, які пераконвае нас «пра грэх і ласку». Адбываецца гэта для таго, каб мы маглі пераймаць чарговыя ўчынкі любові, якім навучыў нас Езус Хрыстус. Але ўсё гэта не проста для таго, каб нам стаць дасканалымі, а перш за ўсё для таго, каб мы аддалі пашану Усемагутнаму Богу.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы чарговы раз усведамляем, што нам была адкрытая адна з найбольшых Божых таямніц – Ён з’яўляецца адзінствам Асобаў ва ўзаемным дзеянні любові. Але і гэтае аб’яўленне адбылося не дзеля таго, каб мы проста здабылі веды пра сутнасць Бога, а дзеля таго, каб мы жылі гэтай таямніцай. Хто прымае хрост у імя Святой Тройцы, той становіцца і носьбітам вялікай праўды пра асобаснае дзеянне Бога, і настаўнікам гэтай праўды, у тым ліку і для сябе. Дзеянне Святой Тройцы адбываецца не столькі дзеля нашага ўнутранага ўдасканалення, колькі дзеля нашай эфектыўнасці ў любові. Адкрываем тады просты прынцып, што мы патрэбныя Богу, - і гэта надае сэнс нашаму жыццю. Пан Бог дазваляе нам уваходзіць у адзінства з Яго Асобай, каб нас чыніць сапраўднымі асобамі.

Ці жыву ў асвячальнай ласцы, якая забяспечвае адзінства з Богам у Духу Святым? Ці наследую паказанае ў Евангеллі жыццё Пана Езуса так, каб іншыя ўбачылі Яго блізкасць? Ці аддаю пашану Усемагутнаму Богу, адносячы да Яго ўсе добрыя ўчынкі?

Брат Ян Фібэк OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 1013