Skip to main content

23 мая, серада

Разважаем над словам Божым з Братамі капуцынамі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 9, 38–40

Хто не супраць нас, той з намі 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі. 

Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Яшчэ ўчора мы чыталі пра тое, што апосталы не разумеюць навукі Езуса. Замест таго, каб Яго слухаць, вучні спрачаюцца, хто з іх найважнейшы. Езус, канешне, тлумачыць ім, што значыць быць першым. І што адказвае на гэта Ян? Гаворыць, што забаранілі камусьці выганяць дэманаў у імя Хрыста. Думаю, што кожны з нас можа зразумець слабасці і недахопы апосталаў. Лёгка заўважаем ва ўчынках вучняў свае ўласныя памылкі. А вось зразумець паводзіны Езуса нам не так проста. Што Ім кіруе? Чаму не знойдзе сабе кагосьці лепшага за Яна, Пятра і іншых? Гэта і ёсць таямніца Божай Любові, якую мы ніяк не можам ані зразумець, ані прыняць.

Любоў Бога да нас такая вялікая і незразумелая, што вельмі часта замест надзеі і радасці напаўняе нас неспакоем. Гэта адбываецца, бо мы самі не ўмеем любіць іншых,  і таму не можам паверыць, што Бог можа любіць нас і людзей навокал. Колькі розных пытанняў нараджаецца ў галаве: “Я ж такі грэшны, чаму Бог мяне любіць? Гэты чалавек вядзе такое грэшнае жыццё, чаму Бог яго не пакарае? Чаму іншым Бог дапамагае, а ў маім жыцці столькі праблемаў і цяжкасцяў?” Бог не любіць кагосьці больш, а кагосьці менш. Любоў Бога праяўляецца ў жыцці кожнага чалавека па-рознаму. Мы не зможам гэта зразумець, але заўсёды можам яе прыняць. Так проста, без пытанняў.

Ці заўважаю я Любоў Бога ў маім жыцці? Ці не зайздрошчу іншым? Ці Любоў Бога з’яўляецца для мяне прыкладам?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

  • Праглядаў: 760