Skip to main content

19 мая, субота

Браты капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 21, 20–25

Той вучань напісаў гэта, і сведчанне ягонае  праўдзівае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна. 

У той час:

Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях, і сказаў: Пане, хто той, які Цябе выдасць?

Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: Пане, а ён што?

Езус кажа яму: Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною.

І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?

Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І мы ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.

Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Святы Ян Евангеліст некалькі разоў называе сябе «умілаваным вучнем» Хрыста. Ад яго таксама ведаем, што падчас апошняй вячэры ён «спачываў на грудзях Езуса». Ян стаяў пад крыжам, на якім канаў Хрыстос, а потым першым сярод Апосталаў прыбег да пустой грабніцы. Але напэўна найбольш паказальнае тое, што, канаючы, Езус менавіта Яну даручыў сваю Маці, Марыю.

У Евангеллі паводле Яна захапляе неверагодная прыгажосць, з якой Евангеліст пераказвае любоў Хрыста да нябеснага Айца і да вучняў. Здаецца, менавіта гэтую таямніцу Ян зразумеў так глыбока, як ніхто іншы. Можа, таму і павінен ён быў застацца ў гэтым свеце найдаўжэй за ўсіх Апосталаў. «Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І мы ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае». Ян найлепш чуў, у якім рытме - гэта значыць, з якой любоўю - б’ецца сэрца Збаўцы; таму яго сведчанне праўдзівае. Можа, таму толькі ён так выразна казаў пра сябе, што ён «любімы вучань», бо толькі ён так выразна гэта зразумеў. Хоць Ян і не быў забіты за веру, як іншыя Апосталы, аднак на працягу доўгага жыцця сведчыў пра тую Любоў нават сярод ганенняў і ссылак. Сваё пасланне свету Ян завяршае словамі: «Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг». Можна сказаць, што Ян не завяршыў сваю кнігу, пакінуў гэтую справу нам. Цяпер хрысціяне словам і ўчынкам могуць выразіць тое, што немагчыма змясціць у кнізе.

На якой адлегласці ад Езусавага Сэрца знаходжуся я? Ці прыслухоўваюся да Яго праз Евангелле і малітву? У якіх фактах майго жыцця «Слова становіцца целам»(Ян 1,14), бачным для майго асяроддзя?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 970