Skip to main content

15 мая, аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 17, 1–11а

Ойча, услаў Сына свайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.

Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус вельмі многа гаворыць пра жыццё вечнае ў будучым свеце, у тым ліку і ў сённяшняй размове з Айцом пра гэта ўзгадвае. Аднак людзі Яго разумеюць настолькі, на колькі ім дазваляе іх жыццёвы вопыт. Тыя, ў каго жыццё ў свеце склалася з шэрагу няшчасцяў, часамі нават могуць падумаць, што лепш небыццё, чым вечнае трыванне ў тым, што ім давялося перажыць. Тыя ж, хто жыў ў дабрабыце або спазнаў многа зямной радасці, схільныя меркаваць, што абяцанае вечнае жыццё будзе простым прадаўжэннем ўжо вядомага ім шчасця. Яшчэ іншыя спадзяюцца на перасяленне душаў у лепшыя акалічнасці і называюць гэта экзатычным словам “рэінкарнацыя”. Святы Павел кажа: “Чаго вока не бачыла і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” (1 Кар 2,9).  

Гэтая таямніца крыху адкрываецца, калі Евангеліст Ян перадае нам тое, што нейкім чынам пачуў з размовы паміж Езусам і Айцом нябесным: “А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста”. Значыць, жыццё вечнае будзе чымсьці нашмат большым, чым простае прадаўжэнне жыцця часовага. Мы, сыны Адама, атрымліваем прапанову вярнуцца ў Айчыну - ў даўно старачаны і моцна прызабыты рай. Бяда, калі мы настолькі прывязаліся да сваёй эміграцыі ў гэтым свеце, што ўжо нават марыць не здольныя пра штосьці большае і прыгажэйшае.

Хрыстос у гэтай малітве выразна адрознівае сваіх людзей ад свету: “Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету; Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае; Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе”. Атрымліваецца, што Бог даручыў нас свайму Сыну і мы Ягоныя. Напэўна, між іншым гэтая асаблівасць адрознівае хрысціян ад рэшты свету. Хрысціянін гэта той, хто жыве тут, але мае “дзёрзкасць” разлічваць на вечнасць. Пры чым гэта не проста нейкая прымітыўная рэінкарнацыя, перараджэнне назад сюды, а менавіта вяртанне дамоў.

Ці маю адвагу марыць пра яшчэ лепшае, а можа нават вечнае жыццё? Ці не спрабую “змайстраваць” сабе рай толькі тут, у гэтым свеце? Ці дастаткова я праводжу часу з Езусам, каб пранікнуцца Ягоным імкненнем да вечнасці з Айцом?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 729