Skip to main content

10 мая, чацвер. Урачыстасць Унебаўшэсця Пана

разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В

Мк 16, 15–20

Узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога

+ Заканчэнне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць.

І Пан Езус, пасля размовы з імі, узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі войска адваёўвае раней акупаваную ворагам тэрыторыю, звычайна найперш праводзіцца артылерыйская падрыхтоўка, гэта першая і асноўная работа. Цяжкімі гарматамі, мінамётамі або авіяцыяй наносяцца ўдары па пазіцыях праціўніка. Затым толькі ідуць танкі і пяхота, зачышчаюць тэрыторыю і замацоўваюць пераможныя сцягі. Гэта азначае, што родная зямля ўжо свабодная, вораг знішчаны або выгнаны на сваю тэрыторыю.

Бог стварыў свет, гэта значыць, неба і зямлю, усё бачнае і нябачнае. Паводле Божай задумы, свет павінен быць утульным домам для людзей і анёлаў. Аднак частка анёлаў узбунтавалася супраць Бога і людзей, вырашыла заваяваць свет і падпарадкаваць яго сабе.

Сатана намагаўся хлуслівай прапагандай сеяць страх, роспач і нянавісць ў свеце. Бог аднак паслаў Збаўцу, які сваім ўцелаўленнем, абвяшчэннем Божага Валадарства, потым сваёй смерцю і ўваскрасеннем, а таксама спасланнем Духа Святога раз і назаўсёды выкінуў сатану назад у ягонае пекла.

Перад тым, як сесці ў небе праваруч Айца, Езус пакінуў сваім вучням загад, каб абвясцілі і замацавалі ягоную перамогу ў свеце. Дзеля гэтага Ён узброў іх знакамі: «у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць».

Мы адсвяткавалі Пасхальны перыяд, радуемся перамозе Хрыста і Яго валадаранню. Але перад намі яшчэ важная місія — унутры сябе і ў свеце абвясціць, што тут Божая тэрыторыя. Хрыстос – наш Госпад!

Калі прыходзяць спакусы, ці заклікаю я на падмогу ў барацьбе Найсвяцейшую Кроў Езуса, заступніцтва Беззаганнай Багародзіцы і св. Міхала Арханёла? Ці аднаўляю свае абяцанні хросту? Ці прыступаю да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі? Ці памятаю я пра магчымасці сакрамэнту намашчэння хворых для сябе і сваіх блізкіх?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 879