6 мая, нядзеля
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта слова Пана.
Незалежна ад таго, наколькі блізкія ў чалавека адносіны з Богам, проста па-чалавечы любіць можа кожны. Існуе, аднак, непараўнальна вышэйшы ўзровень любові, якая магчыма толькі дзякуючы Божай сіле.
У натуральнай любові між людзьмі адбываецца толькі частковы «абмен» дабротамі. Таму людзі часамі адно другому кажуць: «Сябра, люблю цябе за тое, што ты для мяне робіш» або «Я люблю цябе за тое, што ты мне даеш». Такія адносіны часцей за ўсё прадугледжваюць справядлівы баланс паміж тым, колькі мы іншай асобе даём і колькі ад яе прымаем. Калі хтосьці дае больш, чым спадзяваўся атрымаць, тады гэта можа прывесці да расчаравання. Калі той баланс не наладзіцца, то пазней адбываецца вычарпанне адносінаў і выкарыстанне адно аднога.
Хрыстос адкрывае любоў абсалютную, якая адрозніваецца ад таго, што людзі схільныя называць сяброўствам ці любоўю. Прычым, Езус дае нам не толькі прыклад, але і ўнутраную сілу, каб наша любоў станавілася як мага больш падобнаю да гэтай Божай любові. «Як мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові». Любоў Бога Айца да Сына абсалютная, гэта значыць, Бог вечна і верна родзіць свайго Сына, перадае Яму ўсяго Сябе. «Усё перададзена Мне Айцом маім» (Мц 11, 27а). «І ўсё Маё – гэта Тваё, і Тваё – гэта маё» (Ян 17, 10). Звернем ўвагу, што Айцец дае Яму не частку, не фрагменты, а менавіта УСЁ сваё жыццё. Таму, параўноўваючы сваю любоў з іншымі, Езус кажа: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх».
Бог усіх заклікае да такіх радыкальных формаў адносінаў, якія становяцца бязмежнай любоўю. Гаворка ідзе пра сужэнства, манаства або іншае прысвячэнне сябе Богу і людзям. Бог нікога не кліча да адзіноты, кожнаму з нас Ён дае жыццё менавіта для таго, каб яго поўнасцю камусьці падарыць. Гэта неабходная ўмова для радасці: «Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай», бо толькі калі згаджаемся ўсё аддаць і ўсё прыняць, наша жыццё па-сапраўднаму рэалізуецца.
Ці не абмяжоўваюся я ў сваёй любові да падліку «прыходаў» і «расходаў»? Ці імкнуся я ў сваёй любові (напрыклад, у сужэнстве, святарстве, манастве ці іншым служэнні людзям) да абсалютнай Божай Любові?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 970