4 мая, пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ
Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта слова Пана.
Аказваецца, любоў можа быць большай ці меншай. Сапраўды, яна па-рознаму праяўляецца. Напрыклад, хтосьці ўкладвае шмат намаганняў у словы і ўчынкі, якія (як яму здаецца) патрэбны любімай асобе. Асабліва часта ў такую пастку трапляюць празмерна клапатлівыя бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей. Пазней можа нават скласціся ўражанне “няўдзячнасці”, бо ў рэчаіснасці аказваецца, што не такой любові прагнулі дзеці. Куды больш разумна любіць іншую асобу так, як ёй сапраўды гэта патрэбна. Праўда, дзеля гэтага варта найперш пазнаць прагненні і аб’ектыўныя патрэбы іншай асобы. Але паколькі не заўсёды гэта атрымліваецца, найразумней прыняць такую мадэль любові, пра якую сёння гаворыць Хрыстос: “Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў Вас”.
Як жа Ён палюбіў нас? Адным з вобразаў, які гэта адлюстроўвае, з’яўляецца крыж. У гэтым знаку мы бачым, што Ён адае жыццё “за сяброў сваіх”, бо ім гэта сапраўды неабходна. Гэта не азначае, што кагосьці Езус не хоча прызнаць сваім сябрам. Проста ёсць мноства тых, хто гэтую любоў не прыняў і сам не хоча быць сябрам Езуса. Тым не менш, Ён нікога да прыняцця сваёй любові не змушае.
Падобным чынам і мы можам любіць іншых так, як нам здаецца, што гэта правільна. Але аб’ектыўна правільна – гэта любіць, як Езус, аддаючы жыццё і адначасова пагаджацца, што любоў можа быць адкінута.
Наколькі мая любоў да бліжніх свабодная ад розных формаў эгаізму? Каго я на самой справе люблю? Ці не выкарыстоўваю прымус, каб “ашчаслівіць” іншых? Ці можна па маіх учынках сцвердзіць, што я ўдзячны сябар Хрыста?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 887